Самыя наведвальныя музеі Беларусі - Брэсцкая крэпасць і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

18 мая 2022
Сёння Міжнародны дзень музеяў. Яго сталі адзначаць з 1977 года дзякуючы Маскоўскаму музею выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна. Усяго ў свеце налічваюць больш як сто тысяч сховішчаў памяці. Самы наведвальны з продажам у 10 мільёнаў білетаў за год - гэта Луўр. 

Што датычыцца Беларусі, сёння ў нас 152 дзяржаўныя музеі. Для параўнання: у 1970-м іх было 48, а за 6 гадоў да распаду Савецкага Саюза - 98. Вялікая частка адкрылася ўжо ў суверэннай краіне. 

Што захоўваем і колькі прадметаў узвялі ў ранг каштоўнасцяў нацыі? Сёння гэта больш за 3,5 млн экспанатаў. 

Ёсць тройка музеяў, да якіх можна дадаць азначэнне "найбуйнейшы". Так, самы шматлікі "куфар скарбаў" - у Нацыянальным гістарычным больш як 400 тысяч каштоўнасцяў. Найбуйнейшы збор менавіта карцін - у Нацыянальным мастацкім больш як 30 тысяч твораў. У топе і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у якім больш за ўсё ваенных экспанатаў. 

Ёсць і спіс самых наведвальных музеяў краіны. Часцей за ўсё турыстаў можна ўбачыць у Брэсцкай крэпасці. На другім месцы Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Замыкае тройку музейны дуэт - комплексы ў Міры і Нясвіжы.