Самыя вострыя пытанні па медыцыне журналісты сёння адрасавалі напрамую галоўнаму ўрачу краіны

12 марта 2015

Пачнём сёння з тэмы, якая датычыцца літаральна кожнага беларуса. Размова аб здароўі, і самае галоўнае, яго захаванні. Якія лекі выбраць - беларускія або ўсё жа даражэйшыя - імпартнай вытворчасці, як вырашыць праблему чэргаў у паліклініках, і ці будуць уведзеныя электронныя рэцэпты - на ўсе гэтыя хвалюючыя пытанні адказаў сёння Міністр аховы здароўя Васіль Жарко. Першараднай задачай застаецца павялічыць долю беларускіх прэпаратаў на рынку краіны. І пэўныя крокі ўжо зробленыя. Так, згодна са словамі міністра, сёлета з'явяцца яшчэ амаль паўтары сотні новых лекаў пад маркай "зроблена ў Беларусі". Прычым, галоўныя крытэрыі - якасць і даступнасць - абавязкова захаваюцца. Але ў любым выпадку выбар заўсёды застаецца за пакупніком. Усе падрабязнасці ў Кацярыны Шыбко.

Самыя вострыя пытанні - тое, што сапраўды хвалюе беларусаў, калі размова ідзе аб медыцыне, журналісты сёння адрасавалі напрамую галоўнаму ўрачу краіны. Калі б не жорсткі рэгламент, прэс-канферэнцыя магла б доўжыцца некалькі гадзін. Асаблівая ўвага - фармацэўтыцы, бо па-ранейшаму ў адносінах да беларускіх прэпаратаў шмат стэрэатыпаў. Плюс заявы аб 50% нашых лекаў у аптэках - і людзі сапраўды захваляваліся. Васіль Жарко заявіў адназначна - аналагі замежных таблетак, якія вырабляюць у нас, цалкам адпавядаюць і рэцэптуры, і якасці імпартных. Розніца толькі ў кошце. І гэта той самы выпадак, калі нашыя папракнуць у высокай цане немагчыма - яны рэальна таннейшая. Але ў праве пераплачваць за замежны надпіс - падкрэслівае міністр - ніхто нікога абмяжоўваць не збіраецца, і ўжо тым больш - адміністрацыйнымі мерамі.

Васіль Жарко, Міністр аховы здароўя Беларусі: "У аптэках ёсць і будзе забяспечаны поўны асартымент як нашай, так і імпартнай вытворчасці. Праца аптэкара павінна быць накіраваная на забеспячэнне лекамі даступнымі. І таму яны павінны быць бяспечныя. Бяспека нашых лекаў пацвярджаецца нашай лабараторый - спачатку заводская, пасля рэспубліканская".

Заваёўваць свайго пакупніка будуць па-ранейшаму якасцю і крэатыўным піярам. Ну, і вядома, пашырэннем асартыменту. У Беларусі толькі сёлета плануюць выпусціць амаль паўтары сотні новых найменняў прэпаратаў. Для павелічэння ўласнай вытворчасці дадаткова адкрыюцца новыя фармацэўтычныя прадпрыемствы. У Бешанковічах ужо будуецца новы завод, дзе будуць выпускаць прэпараты супраць анкалогіі і цяжкіх інфекцыйных захворванняў. І гэта, мабыць, толькі пачатак.

Бо патэнцыял у фармацэўтыцы сапраўды вялізны. Галоўнае - правільна расставіць прыярытэты. На што зрабіць акцэнт, зусім нядаўна абмяркоўвалі на самім высокім узроўні - фармацэўтычная галіна стала тэмай асобнай вялікай нарады ў Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў - размова аб долі нашых прэпаратаў у аптэках не новая. І не выкарыстаць тыя рэсурсы, якія ёсць сёння ў беларускіх вытворцаў, проста нельга.

Асобная тэма - недахоп вузкапрофільных урачоў, у першую чаргу, у паліклініках. Каб медыкаў разгрузіць, увядуць новую штатную адзінку - урача агульнай практыкі.

Васіль Жарко, Міністр аховы здароўя Беларусі: "Мы жадаем укараніць і ўкараняем пасля перападрыхтоўкі ўчастковага тэрапеўта, каб ён асвоіў тое, чаму яго вучылі, але больш глыбей іншыя спецыяльнасці. І ён тады, прымаючы хворага з ангінай, з атытам, з болем у спіне, не будзе накіроўваць яго да неўролага ці акуліста, а прыме сам і назначыць лячэнне".

Тым самым аўтаматычна вырашаецца яшчэ адна праблема - чэргаў да медыкаў. Пытанне набалелае. Вырашыць яго спадзяюцца ў тым ліку і з дапамогай электроннага талона - гэта адзін з праектаў інфарматызацыі паліклінік. Праўда, пакуль да новага падыходу яшчэ трэба прывыкнуць і ўрачам, і самім пацыентам, якія ўсё часцей заказваюць талон па-даўнейшаму.

Ужо сёлета ў паліклініках сталіцы, а пасля і ў рэгіёнах, будуць выпісваць электронны рэцэпт. Ад папяровых плануюць зусім адмовіцца. Асаблівая праграма звяжа і аптэкі і паліклінікі - такім чынам у фармацэўта ў камп'ютары аўтаматычна будзе з'яўляцца інфармацыя аб патрэбным рэцэпце канкрэтнаму пацыенту.

А ўжо ў наступным годзе створаць электронныя карткі пацыента. У планах і будаўніцтва ўрачэбных амбулаторый - свайго роду філіялаў паліклінік прама ў жылых дамах - гэта альтэрнатыўнае рашэнне пытання крокавай даступнасці медыцынскага абслугоўвання ў новых раёнах горада.