Самыя цікавыя падзеі Гродзенскага рэгіёна

23 февраля 2019

У Гродне пачалося будаўніцтва анкалагічнага дыспансера. Факсімільныя выданні Францыска Скарыны і копію першага ў свеце “Буквара” на славянскай мове перадалі Гродзенскаму ўніверсітэту. І “Каложскі Благавест” - XVIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў прайшоў у горадзе над Нёманам. Самыя цікавыя падзеі Гродзенскага рэгіёна ў нашым дайджэсце. 

Расказвае Юрый Карняловіч: Стацыянар на 312 месцаў, 6 лячэбных карпусоў і пансіянат. У Гродне прыступілі да практычнай рэалізацыі праекта будаўніцтва анкалагічнага дыспансера. Пабудаваны ён будзе на базе трэцяй гарадской бальніцы. У першую чаргу пачнецца ўзвядзенне радыялагічнага корпуса, дзе плануюць размясціць аддзяленне прамянёвай дыягностыкі. Пабудуюць і паліклініку, разлічаную на 300 наведванняў за смену. Дарэчы, Гродзенская вобласць адзіная ў краіне, дзе няма анкалагічнага дыспансера. А пацыенты вымушаны па дапамогу звяртацца ў сталіцу ці ў іншыя рэгіянальныя медыцынскія цэнтры. 

Прафілактычныя мерапрыемствы пад назвай “Адзіны дзень бяспекі” стартавалі ў Гродзенскай вобласці. Супрацоўнікі МНС правераць месцы масавага знаходжання людзей наконт зладжанай эвакуацыі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Першым аб’ектам, дзе прайшлі вучэнні, стаў інтэрнат Купалаўскага ўніверсітэта. Адначасова больш за 600 студэнтаў пакінулі памяшканне, у якім па легендзе здарыўся пажар. Эвакуацыя завяршылася ўсяго за некалькі хвілін. Плануецца, што такія масавыя акцыі ратавальнікі будуць праводзіць некалькі разоў на год. Вынікі кожнай будуць прааналізаваны. 

У Гродне адбылася ўрачыстая перадача факсімільных выданняў Купалаўскаму ўніверсітэту. Размова ідзе пра поўны збор кніжнай спадчыны Францыска Скарыны і копію першага ў свеце “Буквара” на славянскай мове. Апошні, дарэчы быў надрукаваны ў 1618 годзе і ў арыгінале захавалася толькі два экзэмпляры. Нацыянальная бібліятэка Беларусі была ініцыятарам міжнароднага навуковага праекта па ўзнаўленні рарытэтнага выдання. Не менш каштоўным з’яўляюцца і факсіміле 519 кніг беларускага Першадрукара. Дарэчы, камплекты твораў Францыска Скарыны захоўваюцца ў многіх краінах свету - ад ЗША да Кітая.

У Гродне прайшоў XVIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест”. Сёлета ў ім удзельнічаюць 4 дзясяткі харавых калектываў з 8 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Літвы і Латвіі. Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю прайшла ў абласным драматычным тэатры. Праслухоўванні ж калектываў праводзіліся ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна. Адметна, што апошнім часам павялічылася колькасць і мужчынскіх хораў 

Завяршыўся XVIII Міжнародны фестываль “Каложскі Благавест” вялікім гала-канцэртам і ўзнагароджаннем пераможцаў.