Самыя хуткія суперкары Еўропы паказалі клас у Мінску

11 августа 2014
Самыя хуткія суперкары Еўропы паказалі такія хуткасці, якіх аэрапорт Мінск-1 яшчэ не бачыў. У сталіцы прайшлі кваліфікацыйныя заезды ў рамках аўтафестываля Анлім-500. І калі ў першы дзень праз моцны дождж мерапрыемства прыйшлося адкласці - адбылося толькі некалькі выпрабавальных заездаў, - то другі дзень стаў ва ўсіх сэнсах гарачым.

Рэпартаж Уладзіміра Каралёва.

Хуткасць падобная да самалётнай. Самыя магутныя аўтамабілі Расіі і Еўропы паказалі небывалы клас на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Нягледзячы на 30-градусную спякоту, тысячы людзей прыйшлі сюды, каб убачыць гэтыя машыны ў дзеянні.

Для гэтых аўтамабіляў хуткасць 300 км/г - нічога асаблівага. Ламбаргіні, Поршэ, Макларэн - усяго ў Мінск прыехала 4 дзясяткі машын з прыстаўкай супер. Выхадзец Брэсцкай вобласці Максім Куліна ў сваім класе быў адным з лепшых.

Адзін з фаварытаў гонкі - уладальнік сусветнага рэкорду хуткасці на 1 мілю Ламбаргіні Гаярда Нера магутнасцю 1800 к.с., здольны разагнацца звыш як на 400 км/г - у Мінску рэкорд не ўстанавіў. Гаранты перамогі - вялікая магутнасць і добрая рэакцыя. Лепшым быў Павел Хадыкін. Яго Нісан GT-R пераадолеў кіламетр за 15,9 секунды, развіўшы хуткасць 341 км/г. Серабро атрымаў Тыгран Арушанаў на шматтонным джыпе СРТ.

Максімальную хуткасць у Мінск-1, ды і ва ўсёй Беларусі, атрымалася развіць Мікалаю Кардакову - 375 км/г на Салін С7. Ужо менш як праз тыдзень гэтыя і іншыя суперкары выпрабуюць на трываласць узлётна-пасадачную паласу аэрапорта ў Гродне. Там адбудзецца этап чэмпіянату Беларусі і Кубак Расіі па дрэгрэйсінге.