Самалёт з беларускім гуманітарным грузам прызямліўся ў В'етнаме

21 января 2018

Адзін з галоўных складальнікаў росту беларускай эканомікі - гэта экспарт. Хоць і тут не ўсё вымяраецца грашыма. Беларусь вядомая не толькі пастаўкамі сельгаспрадукцыі, машынабудаўнічай тэхнікі, нафтапрадуктаў, але і экспартам добрых спраў. Беларусы заўсёды адгукаюцца на любую бяду ў свеце. Каля 60 разоў наша гуманітарная дапамога адпраўлялася ў самыя розныя куткі свету. Такія жэсты добрай волі вельмі важныя і з палітычнага пункта погляду - дзелавыя перамовы набываюць новае, сяброўскае гучанне. Толькі за апошні час Мінск накіроўваў гуманітарную дапамогу ў Эквадор, Сірыю, Украіну. А на тыдні самалёт з беларускім гуманітарным грузам вылецеў у В'етнам.

У пачатку лістапада на гэтую краіну абрынуўся тайфун "Дамры", які прынёс з сабою смерць і разбурэнні, самыя істотныя за апошнія два дзясяткі гадоў. Дарэчы, самі в'етнамцы не прамаўляюць назву, а толькі гавораць парадкавы нумар тайфуну - 12. А летась стыхія налятала на краіну 16 разоў! Напярэдадні транспартны "Боінг" з Мінска прызямліўся ў аэрапорце горада Нячанг, і ўжо адбылася афіцыйная перадача грузу пацярпелай ад стыхіі краіне. У гуманітарную місію адправілася і наша здымачная група.

Расказвае Аляксандр Смірноў.

Атрымалася так, што свой дабрачынны марафон Рэспубліка Беларусь працягнула ў самым пачатку новага года. Толькі-толькі адгрымелі святы, і вось ужо да адпраўкі гатовая новая місія. У нядаўнім мінулым была аказаная дапамога Сірыі, Украіне, а яшчэ годам раней Эквадору. Гэта быў самы працяглы і далёкі пералёт - больш за 11 000 кіламетраў. Шлях у В'етнам таксама не блізкі - амаль 8 500 км, - і гэта адна з прычын, чаму ў дарогу рыхтуецца "Боінг-747" - самалёт, які здольны пераадолець гэтую адлегласць за адзін пералёт.

Усе 40 тон гуманітарнай дапамогі загружаюцца за суткі да вылету - самалёт кампаніі "Трансавіяэкспарт" увесь час у працы. Рух спыняецца толькі на час тэхнічнага кантролю. На стыку дня і ночы самалёт паднімаецца ў паветра, бярэ з сабою марознае дыханне беларускай зімы і цеплыню беларускіх сэрцаў.

Для тых, хто знаёмы з лініяй гуманітарнай дапамогі, генерала Худалеева рэкамендаваць не трэба. Рэдкасць, калі намміністра МНС асабіста не суправаджае груз. Улічваючы і сітуацыю надвор’я, і апошнія дамоўленасці з В’етнамам, у палёце паэтапна ствараецца план дзеянняў на наступныя двое сутак. Генерал прызнаецца, што ўжо прызвычаіўся да ролі не толькі ратавальніка, але і дыпламата, якую прыходзіцца паралельна выконваць і на радзіме, і падчас кожнага замежнага візіту.

Тым часам мы з камандзірам экіпажа спускаемся ў грузавы адсек самалёта. "Боінг-747-300", па сутнасці, паветраны танкер - іншыя эпітэты падабраць складана. Самі амерыканскія распрацоўшчыкі далі свайму стварэнню мянушку Дамба - па аналогіі з дыснееўскім персанажам - лятаючым сланом. Мікалай Пятроў прызнаецца: калі робіш такую добрую справу, сэрца трохі б'ецца па-іншаму. Хоць сам маршрут даўно адпрацаваны да дробязяў.

За здымкамі, запісам інтэрв'ю і дзелавымі перамовамі праходзіць гадзіна. Па мінскім часе шэсць вечара. Гэта значыць, што глыбока пасля паўночы борт прызямліцца ў пункце прызначэння, аднак з-за розніцы ў часавых паясах прылёт адбудзецца ўжо раніцай.

Дэлегацыю з Мінска ў аэрапорце сустракаюць прадстаўнікі мясцовай улады. Горад Нячанг, куды і прызямліўся беларускі борт, стыхія не абышла бокам, але асноўны ўдар папаў непадалёк ад курортнай сталіцы - больш за іншых пацярпелі цэнтральныя рэгіёны краіны. Туды і накіроўваецца беларуская дапамога.

Тайфун "Дамры" абрынуўся на В'етнам у першыя дні лістапада. Узровень вады падняўся на вышыню чалавечага росту. Парывы ветру, якія дасягалі 130 км за гадзіну, знасілі лініі электраперадачы: без святла і тэлекамунікацый засталіся пяць правінцый. Каля 123 000 дамоў былі пашкоджаныя або знішчаныя стыхіяй.

Паводле звестак В'етнамскага нацыянальнага каардынацыйнага савета па барацьбе з наступствамі стыхійных бедстваў, усяго загінулі больш як сто чалавек, каля 200 атрымалі траўмы, яшчэ дзясяткі лічацца прапаўшымі без вестак. Паводкамі затапіла больш за 40 000 жылых будынкаў. Амаль 80 000 чалавек былі эвакуіраваныя. Пад ваду пайшлі 40 000 гектараў сельскагаспадарчых земляў, а таксама 30-кіламетровы ўчастак чыгункі, якая злучае поўнач і поўдзень краіны, шматлікія адрэзкі трансв’етнамскай аўтамагістралі. Урад накіраваў чвэрць мільёна вайскоўцаў і транспартны флот у пацярпелыя раёны. Па нанесенай шкодзе "Дамры" стаў самым маштабным стыхійным бедствам у краіне за апошнія 20 гадоў.

Афіцыйныя асобы садзяцца за стол перамоў, дзе абмяркоўваецца працэдура перадачы гуманітарнай дапамогі. У правінцыі, куды накіраваная беларуская гуманітарная дапамога, загінулі 45 чалавек, атрымалі пашкоджанні больш як 120 000 дамоў, а шкода ацэнена на 700 мільёнаў долараў. Наша краіна адной з першых прапанавала дружалюбнай краіне свае паслугі ў гуманітарнай лініі. У выніку прадукты першай неабходнасці, дзіцячае харчаванне, коўдры, палаткі і дызель-электрастанцыя ўвайшлі ў пералік па запыце дзяржавы, якая перажыла бедства. Агульная сума - 330 000 рублёў.

У гэты ж час Уладзімір Гошын гаворыць пра паляпшэнне міждзяржаўных адносін. На фоне катаклізмаў цяплейшым стаў палітычны клімат. Гэтая трагедыя зрабіла нашы народы бліжэйшымі. Дарэчы, праз 3 дні адзначаецца 26 гадоў нашым дыпадносінам. Зараз груз праходзіць мытнае афармленне, і ўжо на наступны дзень частка яго паступіць у пацярпелыя раёны, дзе і пачнецца раздача гуманітарнай дапамогі.