Самае прыгожае грамадскае аб'яднанне краіны сёння ўзначаліла Мар'яна Шчоткіна

15 августа 2015

Самае прыгожае грамадскае аб'яднанне краіны сёння ўзначаліла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. Перавыбранне кіраўніка прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы падчас нечарговай канферэнцыі арганізацыі. На кіраўніцкай пасадзе Мар'яна Шчоткіна змяніла Надзею Ермакову, якая стала намеснікам старшыні. У Саюзе жанчын каля 180 тысяч беларусак. Аб'яднанне працуе ўжо больш чым два дзясяткі гадоў. Асноўная місія арганізацыі - сацыяльная дапамога і падтрымка прадстаўніц прыгожага полу і іх сем'яў.

Наталля Качанава, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Жаночая арганізацыя, на мой погляд, - гэта менавіта такая арганізацыя, якая працуе актыўна. І дапамога грамадскай жаночай арганізацыі ў краіне вельмі знакавая і значная. Без сумнення, заўсёды быць на перадавой для таго, каб аказваць дапамогу і падтрымку тым, хто мае ў ёй патрэбу. А вы ведаеце, што ў нашай краіне ёсць і сем'і, якім патрэбная дапамога, дзе дзеці выхоўваюцца ў няпоўных сем'ях, дзе ёсць неўладкаваныя сем'і".

Надзея Ермакова, намеснік старшыні ГА "Беларускі саюз жанчын":

"Ужо стала арганізацыя сур'ёзная і ўплывовая. Статус жанчыны ў нашай дзяржаве, вядома, вельмі высокі. Сёння ў нас міністры жанчыны, намеснікі міністраў жанчыны - ёсць давер да жанчын. І жанчыны, якія сябе паважаюць, добра працуюць".

Адна з галоўных тэм сённяшняй канферэнцыі - удзел аб'яднання ў галоўнай палітычнай падзеі года. Як адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, (яна таксама уваходзіць у склад Беларускага саюза жанчын), выбарчая кампанія трымаецца ў тым ліку і на жаночых плячах. Прадстаўніц Саюза жанчын па традыцыі можна будзе ўбачыць і ў выбарчых камісіях, і сярод назіральнікаў за выбарамі-2015.

Да 21 жніўня будзе працягвацца збор подпісаў за патэнцыяльных кандыдатаў ініцыятыўнымі групамі, пасля чаго пачнецца перыяд агітацыйнай кампаніі ўжо зарэгістраваных кандыдатаў. І, як паведаміла Лідзія Ярмошына, зарэгістраваць кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі ЦВК плануе на пасяджэнні 10 верасня.