Самая маштабная пошукавая аперацыя за апошнія дзесяцігоддзі разгарнулася ў Белавежскай пушчы

23 сентября 2017

Ужо тыдзень уся Беларусь сочыць за пошукамі прапаўшага ў Белавежскай пушчы 10-гадовага Максіма Мархалюка. Хлопчык гуляў з сябрамі ў будане, а пасля, паводле іх слоў, прапанаваў пайсці па грыбы. Калі тыя адмовіліся, адправіўся ў лес адзін. З таго вечара ніякіх слядоў Максіма знайсці не атрымалася. Гэта адбылося, нагадаем, 16 верасня. Зараз у вёсцы, дзе жыве хлопчык, створаны аператыўны штаб, а на школьным стадыёне арганізаваны лагер. У пошуках прапаўшага задзейнічаныя тры верталёты МНС, цеплавізійнае абсталяванне, беспілотнікі і каля 2 000 чалавек. Шматлікія - добраахвотнікі, якія прыехалі на дапамогу з усіх куткоў Беларусі. Пра самую маштабную пошукавую аперацыю за апошнія дзесяцігоддзі - Дзмітрый Смірноў.

За маёй спінай - школьны стадыён вёскі Новы Двор. Апошнія 7 дзён гэта адзін суцэльны добраахвотніцкі лагер. Зараз Максіма шукаюць амаль 2 000 чалавек. І людзі працягваюць сюды прыязджаць.

Кожны дзень гэты лагер становіцца ўсё большым. На мясцовым паркінгу аўтамабілі з нумарамі ўсіх рэгіёнаў. Людзі дамаўляюцца ў сацсетках, хто і калі паедзе. Дзеляць пароўну выдаткі на дарогу і разлічваюць маршрут сюды - да палатачнага гарадка ў Новым Двары. Многія спецыяльна напярэдадні ўначы выязджалі з Гомеля і Магілёва, каб прыехаць да раніцы, калі першыя групы пошукавікаў ізноў пойдуць у лес.

Хтосьці, як Аляксандр, пад'язджае ўжо к сярэдзіне дня. Мужчына прыехаў з Мінска спецыяльна на пошукі прапаўшага Максіма.

Усе 7 дзён у асноўным радыусе 20 кіламетраў ад пасёлка ідуць пошукі. Вольныя ад дзяжурстваў супрацоўнікі міліцыі і МНС, леснікі, мясцовыя жыхары і вайскоўцы - усе ў пушчы. Толькі ўчора ўвечар аператыўны штаб, які стварылі на базе пошукаў, папрасіў не захадзіць у лес: у неба запусцілі беспілотнік, абсталяваны цеплавізарам. Прыбор спецыяльна наладжаны на выяўленне цеплавых сігнатур. З цеплавізарам рабілі аблёт і сёння раніцай на верталётах МНС. На борце, акрамя тэхнічных спецыялістаў, альпіністы, каб у выпадку выяўлення любых слядоў прапаўшага хлопчыка абследаваць цяжкадаступныя аб'екты.

Зараз Максіма шукаюць усюды: на зямлі ў пушчы, з паветра, вадалазы і спецпадраздзяленні МНС абследуюць найбліжэйшыя да Новага Двара вадаёмы.

Увесь гэты час для двух тысяч валанцёраў працуюць палявыя кухні. Гарачая ежа гатуецца некалькі разоў на дзень, аднак самі добраахвотнікі паспяваюць паесці толькі ўвечар - калі вяртаюцца з пошукаў. У той жа час мясцовыя жыхары нясуць харчы да палатак Чырвонага Крыжа. Спецыяльна ў падзяку для тых, хто шукае Максіма.

Галоўнае, што зараз відавочна адчуваецца тут, у Новым Двары, акрамя напружання і перажыванняў, - выразная надзея, што прапаўшага хлопчыка ўсё ж здолеюць адшукаць. Падобнай пошукавай аперацыі ў Беларусі яшчэ не было. Але зараз 2000 чалавек з розных гарадоў сабраліся разам, каб знайсці дзіця.

Пошукі Максіма працягнуцца і заўтра. Тут гавораць: датуль, пакуль не знойдуць.