Самае актыўнае паляванне засяроджана ў лясах Мінскай вобласці

2 февраля 2013
Летась гаспадаркі зарабілі амаль 6 мільярдаў рублёў. Гэты комплекс знаходзіцца за сотню кіламетраў ад Мінска. Але адлегласць не мае значэння, калі гаворка ідзе пра генетычны код кожнага мужчыны - здабычу ежы і трафеяў. Еўрапейцаў вабяць беларускія памеры. Перш за ўсё гаворка ідзе пра дзіка. Напрыклад, у Францыі самы каштоўны паляўнічы трафей будзе важыць кілаграмаў 150, у нас сустракаюцца экзэмпляры і па 350 кілаграмаў.
Прасторы для палявання ў Бярэзінскім раёне хапае ўсім. Зразумела, паляванне па ліцэнзіі. Хапае і будучай здабычы. Тут шмат ласёў, дзікоў, казуль і глушцоў. І, што немалаважна, спакуса здабыць пачынаецца з гасцявых домікаў на еўрапейскім узроўні. Пра мінулае, савецкі сэрвіс, нагадвае хіба што толькі бюст правадыра пралетарыяту. Але і ў сучасных умовах цэны застаюцца ліберальнымі.
Грошы не толькі ад палявання. Сюды прыязджаюць дзеля адпачынку. Нездарма ў лесе пашырылі возера, лазню і зрабілі валейбольную пляцоўку і вальеры для жывёл. Да іх водзяць экскурсіі і падкормліваюць зімой соллю, хлебам ды зернем. Гэтакі all inclusive для звяроў.
За гэтыя паказчыкі паляўнічы комплекс Бярэзінскага раёна і стаў лепшым у рэспубліцы. Гэта сённяшняя рэальнасць. Што будзе заўтра - даведаемся ў хуткім часе. Леснікі зараз вызначаюцца з рэканструкцыяй і будаўніцтвам новых аб'ектаў. А калі ёсць эталон, зрабіць гэта будзе прасцей.