Cалютам і народнымі гуляннямі беларусы сустрэлі Новы год

1 января 2018

Навагоднюю ноч беларусы адзначылі пад залпы салютаў народнымі гуляннямі. Толькі ў сталіцы працавалі больш за 20 адкрытых пляцовак. Сёлета Мінск наведалі і тысячы турыстаў.

Расказвае Аляксандр Камовіч.

Сустрэць, мабыць, самае любімае свята ў горадзе ў гэтую ноч ужо па добрай традыцыі выходзяць тысячы чалавек. У Мінску шматлюдна яшчэ да пачатку бою курантаў. Самыя заўзятыя выйшлі ў горад разам са сваімі гадаванцамі. Дэні, як сімвал свята, побач з навагодняй ёлкай.

На пляцоўцы ля Палаца Рэспублікі тыя, хто Новы год не ўяўляе без блакітнага экрана. Зварот Прэзідэнта, бой курантаў і ўсеагульная весялосць. Апошнія імгненні адыходзячага года абавязкова толькі ў самым выдатным настроі.

Ну а далей - патэлефанаваць родным і блізкім і пусціцца ў скокі разам з Дзедам Марозам. І нават пачуць віншаванне з першых вуснаў!

Па традыцыі ў навагоднія святы ў Мінску наплыў турыстаў. Тысячы кіламетраў - гэта не перашкода. Турцыя, Сербія, Англія. Сёння Мінск - ва ўсіх фарбах!

У свята можна было паспець пабываць адразу на некалькіх ёлках, асноўныя аўтобусныя маршруты працавалі да самай раніцы. Напрыклад, ля галоўнага дыямента сталіцы, Нацыянальнай бібліятэкі, не меней яркая ёлка. Тут кожны год збіраюцца аматары танцаў і карагодаў.

Усяго ж сёлета толькі ў сталіцы працавалі некалькі дзясяткаў святочных пляцовак. У канцэртах прынялі ўдзел творчыя калектывы, папулярныя беларускія эстрадныя выканаўцы. Зарад бадзёрасці на ўвесь год!

Галоўнай святочнай пляцоўкай у навагоднюю ноч стаў Палац спорту. Там ужо з 11-ці вечара пачалася канцэртная праграма. А да гадзіны ночы людзі спяшаліся да набярэжнай Свіслачы, каб паназіраць за сапраўды самай яркай падзеяй навагодняй ночы - салютам. Ён асвяціў неба над сталіцай а палове другой. Тысячы агнёў падняліся на сотні метраў.

З кожным годам усё больш мінчан і гасцей горада аддаюць перавагу праводзіць гэтую ноч на вуліцах і плошчах. У кожным раёне Мінска - прадстаўленні, канцэрты, вясёлая атмасфера, народныя гулянні і віншаванні для ўсіх, хто тут сабраўся. Да іх, дарэчы, далучаецца і калектыў Белтэлерадыёкампаніі. З Новым 2018 годам!