З выбарам будучай прафесіі абітурыентам трэба вызначыцца да 1 чэрвеня

2 мая 2013

У гэты дзень заканчваецца рэгістрацыя на ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні. Сёння ж у Беларусі пачалася ўступная кампанія, роўна з 9 раніцы патэнцыяльныя студэнты маглі атрымаць першыя пропускі на выпрабаванне. Каб удзельнічаць у ЦТ, абітурыент павінен сам запоўніць заяву ў любым пункце рэгістрацыі любога горада. Для гэтага ўжо трэці год дзейнічае аўтаматызаваная сістэма, распрацаваная спецыялістамі БДУІР, да яе падключаныя базы даных усіх пунктаў. Сістэма працуе па прынцыпе аднаго акна: сама шукае вольныя пасадачныя месцы і падказвае аператару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя або іншыя прадметы. Пункты рэгістрацыі будуць працаваць з 9 раніцы да 7 вечара.


Сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання атрымае кожны абітурыент. Тым не менш падаваць дакументы ў ВНУ змогуць далёка не ўсе. Сёлета Міністэрства адукацыі значна павысіла мінімальны прахадны бал. Так, па рускай або беларускай мове прыйдзецца набраць мінімум 10 балаў. Па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі - 15, што тычыцца гісторыі, грамадазнаўства, замежных моў і геаграфіі, то тут тэставы бал павінен быць не ніжэйшы за 20.