На Зямлі сустрэлі экіпаж 56-й экспедыцыі МКС

4 октября 2018

Увесь свет сёння ўважліва сачыў за падзеямі ў казахстанскім стэпе. На Зямлі сустрэлі экіпаж 56-й экспедыцыі МКС. З арбіты вярнуліся камандзір экіпажа - наш суайчыннік Алег Арцем’еў і два амерыканскія астранаўты Рычард Арнольд і Эндру Фойстэл. На МКС яны правялі амаль паўгода, у іх задачы ўваходзілі дзясяткі эксперыментаў, а таксама маніторынг паверхні нашай планеты. Дар'я Белавусава-Пятроўская разам са сваякамі Алега Арцем’ева назірала за вяртаннем касманаўтаў на Зямлю ў Цэнтры кіравання палётамі ў падмаскоўным Каралёве.

Каралёў, яго яшчэ называюць касмічны горад, жыве спакойным мерным жыццём. Вызначыць, што сёння дзень вяртання экіпажа карабля "Саюз МС-08", можна толькі па колькасці сваякоў ля Цэнтра кіравання палётамі. Як правіла, гэту падзею блізкія імкнуцца не афішаваць, каб прызямленне было лёгкім.

Сярод каманды экспедыцыі МКС-56, касманаўт Раскосмаса і наш суайчыннік Алег Арцем’еў. Па традыцыі ў гэты дзень уся сям'я ў поўным складзе і кожны падрыхтаваў невялікія падарункі. Маленькая Анфіса за паўгода паспела вырасці і навучылася хадзіць, 7-гадовы Савелій намаляваў дом сваёй мары, які пабудуе тата, а жонка Ганна прыгатавала любімыя стравы па спецзаказу.

Спецыяльна з Віцебска назіраць за вяртаннем Алега Арцем’ева на Зямлю ў Каралёў прыехалі сябры, сваякі і, вядома, бацькі.

У Алега Арцем’ева гэта ўжо другі палёт у космас. На гэты раз абавязкі камандзіра карабля сумяшчаў з вядзеннем асабістага відэаблога. Здымкі з космасу размяшчаў на сваім You Tube канале. Такім чынам, сотні тысяч чалавек на Зямлі ўбачылі самы доўгі маршрут па МКС і работу касмічнай станцыі знутры.

І сапраўдны сюрпрыз Алег Арцем’еў паднёс беларускай сталіцы падчас XXXI Міжнароднага касмічнага кангрэса. Павіншаваў удзельнікаў, а гэта касманаўты і астранаўты з 17 краін свету, а таксама навукоўцы, даследчыкі, дыпламаты і кіраўнікі розных ведамстваў, са знакавай для Беларусі і ўсяго свету падзеяй.

Дарэчы, сёння за прамой трансляцыяй завяршэння экспедыцыі МКС-56 назіралі і старшакласнікі Ноўкінскай школы. Тут Алег Арцем’еў пабываў у маі 2015 года. Вучні паказалі яму школьны планетарый, і ў памяць аб гэтым касманаўт пакінуў не толькі аўтограф.

Тэмай космасу ў Ноўкінскай школе захапляюцца сур'ёзна. У верасні вучні нават удзельнічалі ў Міжнародным касмічным кангрэсе ў Мінску. Зараз тут ствараюць музейны пакой "Гісторыя космасу". Асобная экспазіцыя будзе прысвечана земляку Алегу Арцем’еву. На адкрыццё ў лютым яго зноў чакаюць у госці.