З сённяшняга дня вадзіцелі павінны ўключаць блізкае святло фар круглыя суткі

25 августа 2015

Рэжым дзейнічае да 5 верасня. Напярэдадні новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацніла кантроль за выкананнем правіл дарожнага руху. Асаблівая ўвага тэрыторыям паблізу школ, дзіцячых садкоў і правілам перавозкі юных пасажыраў. У тым, што галоўны ўрок напярэдадні Дня ведаў – гэта бяспека, чарговы раз пераканаўся Аляксандр Харавец.

Літаральна кожныя 3 хвіліны інспектар ДПС нагадвае вадзіцелям, што напярэдадні новага навучальнага года за рулём патрэбна быць найбольш уважлівымі. У школьнікаў заканчваюцца канікулы, а таму дзяцей ля дарог становіцца ўсё больш. Да 5 верасня ўсе аўто павінны рухацца з уключаным блізкім святлом фар. А перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў неабходна ў спецыяльных аўтакрэслах. Аднак далёка не ўсе вадзіцелі выконваюць гэтыя правілы.

Віктар Ротчанкаў, начальнік аддзела ДАІ Смалявіцкага РАУС:

"Вызначылася новая тэндэнцыя. Вадзіцелі выкарыстоўваюць крэсла, але няправільна яго эксплуатуюць. Не выкарыстоўваюць належным чынам, не замацоўваюць, дзіця, якое знаходзіцца ў дзіцячым крэсле, таксама не прышпільваюць. Даволі бессэнсоўна выкарыстоўваць дзіцячыя крэслы, калі крэсла не прышпілена".

З пачатку года ў вобласці адбыліся 24 аварыі з удзелам дзяцей-пасажыраў. 4 з іх, на жаль, ужо не вярнуць. Пры гэтым толькі ў палове выпадкаў непаўналетнія былі прышпілены і знаходзіліся ў аўтакрэслах. Таму да парушальнікаў правілаў інспектары будуць прымаць самыя жорсткія меры. Акрамя гэтага ў першыя дні верасня ля школ будуць дзяжурыць патрулі ДАІ і пройдзе тыдзень бяспекі.

Што рабіць у выпадку ўцечкі газу, ці можна адчыняць вокны пры ўзгаранні ў кватэры. Адказы на гэтыя пытанні школьнікі з лёгкасцю даюць тым, хто кожны дзень прадухіляе надзвычайныя сітуацыі.

Хаця на першы погляд акцыя больш гульнявая і ніхто з удзельнікаў не застанецца без прызоў, аднак прымушае дарослых і дзяцей быць больш пільнымі.

Выбіраючы адзенне для школьніка, можна знайсці вось такі ярка-аранжавы касцюм ратавальніка. Праўда, ніхто з пакупнікоў прымерыць або набыць яго не спяшаецца. Бацькі ды і самі дзеці ўпэўнены – гэта адзенне ім не спатрэбіцца. Бо ўсе яны выконваюць правілы супрацьпажарнай бяспекі.

Акцыя ратавальнікаў прадоўжыцца да 30 верасня. Пакуль “Урокі бяспекі” праходзяць у гандлёвых цэнтрах і на пляцоўках, дзе разгорнуты школьныя кірмашы. А з пачаткам навучальнага года супрацоўнікі МНС наведаюць школы і дзіцячыя садкі.