Паслухаць віншаванні Прэзідэнта і сустрэць Новы год мінчане і госці сталіцы сабраліся і ў самым сэрцы свята - на Кастрычніцкай плошчы. Тут размясцілася галоўная ёлка краіны 34 метры вышынёй з унікальным упрыгажэннем з піксельнай гірлянды. Навагоднія гулянні ў Мінску разгарнуліся на 25 пляцоўках. У 1:30 неба сталіцы асвяціў маляўнічы навагодні салют. Зрэшты, ярка, гучна і веcело было па ўсёй краіне. Анастасія Бенедзісюк пра галоўную ноч, калі ўсё магчыма.
За сталом з аліўе альбо ля галоўнай ёлкі краіны. Традыцыя святкаваць Новы год разам з самымі блізкімі застаецца нязменнай: тэлефонныя лініі гэтай ноччу не падвялі.
Святочна ўпрыгожаныя вуліцы, ілюмінацыя. Агні вялікага горада відаць за тысячы кіламетраў. Мінск як месца сустрэчы цуду ў навагоднюю ноч выбіралі не толькі беларусы. А за багатым сталом і рады. Прызнанні нашаму гораду і ўсёй краіне ў любові - віншаванні без перакладу!
Ужо не першы год Мінск упэўнена на вяршыні навагодняга рэйтынгу і ў расіян. Вось толькі на гэты раз ехалі не толькі з-за блізкага кіламетражу, роднасных адносін і сяброўскай атмасферы (хаця, безумоўна, гэта ў прыярытэце), ехалі не сябе паказаць, а на яе паглядзець. Ёлка ля Палаца спорту адна з самых прыгожых у Еўропе. Зіхатлівае дрэва, дзе пад раскошным шатром ідэальнае святло для навагодняга сэлфі.
Толькі ў Мінску больш за 20 пляцовак. І на кожнай свой агеньчык. Народныя гулянні пачаліся задаўга да. Чым не падстава (час дазваляе) успомніць лепшае з года адыходзячага.
Зрэшты, сімвал 2018-га на святочным троне будзе да 5 лютага. Час займець жывы талісман года 2019-га яшчэ ёсць.
А гэта ўжо наступны пункт навагодняга маршруту - Кастрычніцкая плошча. Разьбяная карэта, здаецца, толькі прыпаркаваная Дзедам Марозам, тут жа сімвал 2019-га і сапраўдны святлодыёдны заапарк. Фарбаў і святла мала не бывае - "сукенка" для галоўнай ёлкі краіны "пашыта" па піксельнай тэхналогіі. Менавіта сюды ўжо многія гады па традыцыі прыходзяць беларусы і госці свята, каб за некалькі хвілін да Новага года пачуць віншаванні Прэзідэнта. І вось гадзіннікі 12 б'юць!
Новы год, які пачаўся, ужо сёння, у аўторак, завяршае 12-гадовы цыкл кітайскага календара. А таму, запэўніваюць астролагі, 2019-ы стане спрыяльным для падвядзення вынікаў, і ўсё, што не здарылася за гэтыя 12 гадоў, абавязкова адбудзецца за найбліжэйшыя 12 месяцаў.
А ў Брэсце гэтай ноччу запальвалі бенгальскія агні і запускалі феерверкі адразу з дзвюх нагод: Новы год і… новы год! Гораду над Бугам у 2019-м тысяча гадоў! Канцэрт, дыскатэкі з гульнямі з гадзіны ночы. І куды без галоўных навагодніх чараўнікоў.
Танцавальную хвалю падхапілі і ў Магілёве. Там удзельнікамі навагодніх перформансаў сталі тысячы гараджан. Гулянні працягваліся да 5 раніцы. Навагоднія віншаванні, душэўныя песні і тэатралізаваныя паказы разгарнуліся не толькі на галоўных плошчах абласнога цэнтра, але і ва ўсіх раёнах.
Гродна, Віцебск, Гомель. У навагоднюю ноч было не да сну па ўсёй краіне. На ўзмоцнены рэжым нясення службы да 2 студзеня пераведзены каля 10 тысяч супрацоўнікаў міліцыі. Заўтра ж у большасці беларусаў першы рабочы дзень у новым годзе. Зрэшты, зробленых фота- і відэакадраў хопіць яшчэ не на адзін тыдзень, бо святочны настрой не залежыць ад выхадных.













