З новага навучальнага года ў школы вернецца профільнае навучанне

9 апреля 2015

З 1 верасня па жаданні кіраўніцтва навучальнай установы некаторыя прадметы змогуць вывучацца на павышаным узроўні. 

Такая практыка ўжо была, але замест профільных прадметаў увялі факультатывы. Зараз да яе зноў вырашылі вярнуцца, але ўжо з іншым падыходам. Якім - ведае Кацярына Шыбко. 

Праект профільнага навучання распрацоўвалі больш за год. Ідэя зноў вярнуць так званыя профілі ў школы ўзнікла пасля аналізу спецыялістамі цэнтралізаванага тэсціравання 2013 года. Тады стала відавочна, што вучні, якія дадаткова на факультатывах вывучаюць прадмет, паказваюць лепшыя вынікі. Але пры гэтым, падкрэсліваюць у Міністэрстве адукацыі, школы з базавым вывучэннем прадметаў нікуды не знікнуць, пераходзіць на профільнае навучанне або не рабіць гэтага вырашыць само кіраўніцтва навучальнай установы.

Практыка профільнага навучання ў 10-м і 11-м класах ужо існавала. Пасля ад яе вырашылі адмовіцца. І замест профільных прадметаў увялі факультатывы. Зараз да яе зноў вырашылі вярнуцца, але ўжо з іншым падыходам. Па-першае, профільныя прадметы могуць камбінавацца на вырашэнне самой школы ў залежнасці ад таго, якія дысцыпліны пры паступленні патрэбныя вучню. Па-другое, для так званых профіляў распрацуюць асобныя навучальныя праграмы.

Раіса Сідарэнка, намеснік Міністра адукацыі Беларусі: "Профільнае навучанне прадугледжвае падрыхтоўку выпускніка да навучання ў ВНУ. Не да цэнтралізаванага тэсціравання, а да далейшага вывучэння прадмета ў вышэйшай навучальнай установе. Пры правільна арганізаваным профільным навучанні, безумоўна, рэпетытар не спатрэбіцца. Мы праводзілі апытанне, амаль 70% бацькоў лічаць, што профільнае навучанне зможа вырашыць пытанне з рэпетытарствам".

Каб дапамагчы выпускніку 9-га класа вызначыцца з профільнымі прадметамі, увядуць спецыяльныя факультатывы. Але перайсці ў 10-ы клас з больш дэталёвым вывучэннем патрэбных прадметаў змогуць толькі тыя вучні, сярэдні бал атэстата якіх не ніжэйшы за 6. А выніковая адзнака па профільным прадмеце - не ніжэйшая за 7.

І яшчэ адно новаўвядзенне, якое агучылі на прэс-канферэнцыі, (праўда, яно закранае ўжо малодшыя класы) - 1 верасня пяцікласнікі будуць вывучаць новы прадмет - айчынную і сусветную мастацкую культуру.