З новага года па-новаму жывуць установы фізічнай культуры і спорту Беларусі

10 января 2018

Дзякуючы Указу №443 у іх з'явілася падатковая льгота. Дакумент павінен надаць імпульс як спорту высокіх дасягненняў, так і масавай фізічнай культуры, і дазволіць накіраваць сродкі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Хто атрымаў падатковыя прэферэнцыі - усе нюансы ў Паўла Капуцкага.

Віктар Іваноўскі з аптымізмам аглядае будынак ФАК "Уручча". Рэканструкцыя комплексу пачалася ў 2010-м і ператварылася ў даўгабуд. Дырэктар спадзяецца: у лютым сюды прыйдуць першыя наведвальнікі. У комплексе - футбольнае поле, трэнажорная зала і, галоўнае, басейн. Ён уваходзіць у сістэму "Першамайскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра".

Сутнасць указу ў тым, што прыбытак ад дзейнасці, якая прыносіць даходы бюджэтным арганізацыям фізічнай культуры і спорту, вызваляецца ад падатку. Прасцей гаворачы, аддаваць частку з заробленых грошай у бюджэт зараз не трэба.

151 фізкультурна-аздараўленчы комплекс і цэнтр, 445 спартыўных школ і ўсе цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па відах спорту. Вось хто атрымаў падатковыя паслабленні.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту мала таго, што дапамагае выхоўваць спартсменаў для нацыянальнай каманды, якія потым бяруць медалі на Алімпіядах і чэмпіянатах свету, яшчэ і добра зарабляе.

Зарабіць і інвеставаць у сябе. У спартыўных арганізацый ёсць чатыры гады, каб, па-першае, падняцца, па-другое, даказаць, што льгота ім сапраўды неабходная.