З узнагародамі беларускія школьнікі вярнуліся з міжнародных алімпіяд

24 июля 2014
Летнія канікулы яны прапусцілі дзеля перамогі ў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Учора беларускія школьнікі, а цяпер ужо і студэнты, вярнуліся з Афрыкі, Казахстана і Інданезіі, дзе змагаліся за званне лепшых у матэматыцы, фізіцы і біялогіі. Як вынік - шэсць сярэбраных медалёў, тры бронзы і адно золата.


З лепшымі на планеце юнымі матэматыкамі і фізікамі пагутарыла Святлана Чарнова.


Паступіць у лепшую ВНУ краіны на ўпадабаную спецыяльнасць - праграміста - ды яшчэ і без уступных выпрабаванняў выпускніку сталічнай гімназіі №41 Дзмітрыю Баброву дапамагло золата, якое ён прывёз з Кейптаўна. Лепшых юных матэматыкаў свету сёлета выбіралі ў сталіцы ПАР.


Дзмітрый Баброў, выпускнік гімназіі №41 імя В.Х. Сярэбранага г. Мінска, пераможца міжнароднай матэматычнай алімпіяды: Увесь год я займаўся дома адзін, а потым пачыналіся зборы, на якіх мы збіраліся кожны дзень у ліцэі і рашалі па восем гадзін, і так на працягу некалькіх тыдняў.


І ў выніку стаў лепшым з больш як паўтысячы школьнікаў з усёй планеты. Прыкладна ў гэты ж час ужо з Казахстана ў Мінск прыляцела серабро міжнароднай алімпіяды па фізіцы. Яго прывёз выпускнік Ліцэя БДУ Аляксей Гарлач.


Аляксей Гарлач, выпускнік Ліцэя БДУ, сярэбраны прызёр міжнароднай фізічнай алімпіяды: Першы дзень быў тэарэтычны, другі - эксперыментальны. На тэорыі мы вырашалі задачы, на эксперыменце вымяралі нейкія фізічныя з'явы, запісвалі, аналізавалі, малявалі графікі.


А вось складаннем заданняў і распрацоўкай прыбораў для тура эксперыментальнага ўпершыню за саракапяцігадовую гісторыю гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва займаліся беларусы, а дакладна - выкладчыкі фізфака БДУ.


Леанід Маркавіч, загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ: Мы падрыхтавалі камплект, які складаецца з лазерных крыніц, святлодыёдаў, паляроідаў, аптычных элементаў. Калі вы паглядзіце афіцыйную хроніку, дык вельмі прыемна - усюды Made in Belarus.


Не выключана, што ў будучыні ў ліку распрацоўшчыкаў задач і эксперыментальных прыбораў для падобных спаборніцтваў будзе і цяперашні сярэбраны прызёр Аляксей Гарлач. Сёння ўжо не выпускнік і нават не абітурыент, а першакурснік фізфака БДУ па спецыяльнасці фізік-даследчык.


Фактычна адначасова з прызёрамі спаборніцтваў у дакладных навуках, праўда, ужо з Інданезіі, дзе больш як дзве сотні школьнікаў з 60 краін спаборнічалі ў веданні біялогіі, вярнулася і выпускніца Ліцэя БДУ. Таксама, зразумела, з узнагародамі: дахаты ўдзельніца прывезла серабро. А гэта значыць, плюс яшчэ адна заслужаная ўзнагарода ў скарбонку беларускіх школьнікаў.