З пачатку года ў Мінскай вобласці зарэгістравана паўтысячы пажараў

11 мая 2015

Супрацоўнікі МНС пачалі прафілактычныя рэйды, накіраваныя на зніжэнне іх колькасці. Акцыя “За бяспеку разам” працягнецца да 20 мая. Асаблівая ўвага падчас такіх праверак надаецца прыватнаму сектару: дамам з пячным абаграваннем і самаробнай праводкай.

У чарговы рэйд з выратавальнікамі адправілася Наталля Кузьміцкая.

Прафілактычныя рэйды МНС праводзіць два разы на год - у пачатку і пасля абагравальнага сезона. Асаблівая ўвага падчас такіх праверак надаецца неўладкаваным сем’ям і адзінокім пенсіянерам, якія праз сваю неасцярожнасць часцей за ўсё становяцца ахвярамі пажараў.

У хаце шматдзетнай маці Маргарыты Рулькевіч камісіі з горада - частыя госці. Пад пільным наглядам улад сям’я праз сваё сацыяльна небяспечнае становішча.

Нягледзячы на плюс за акном, гаспадыня паліць грубку. Сцены дома халодныя, таму абагравальны сезон працягнецца да лета. У хаце некалькі печак, да зімы гаспадары плануюць перакласці адну з іх.

Падчас акцыі “За бяспеку разам” ратаўнікі са спецыялістамі энерганагляду правяраюць праводку, абаграванне і пажарныя апавяшчальнікі. Даюць карысныя парады па эканоміі электраэнергіі.

Да Кацярыны Невяровіч раней ужо прыходзілі супрацоўнікі МНС. Амаль усе парушэнні гаспадыня выправіла.

З пачатку года ў вобласці зарэгістравана 502 пажары, на якіх загінулі 54 чалавекі. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога абагравання і электраабсталявання. Таму асноўная мэта прафілактычных рэйдаў МНС - зніжэнне колькасці такіх выпадкаў.