З касмадрома Байканур адбыўся старт касмічнага карабля "Саюз"

18 ноября 2016

Камандзірам карабля з'яўляецца наш суайчыннік Алег Навіцкі.

Праводзіць касманаўта ў працяглае падарожжа прыехала яго старэйшая дачка Яна і сотні журналістаў з усяго свету. Для Алега Навіцкага гэта ўжо другі палёт у космас. І заўсёды разам з ім флаг Беларусі - як знак павагі і любові да роднай зямлі. Нягледзячы на тое, што апошнія некалькі дзён касманаўты жывуць у рэжыме абсервацыі, прадстаўнікі СМІ ўбачылі, як каманда прымерыла на сябе касмічныя скафандры і адпрацавала прыёмы сувязі з Зямлёй.

Аўтаномны палёт прадоўжыцца двое сутак. Стыкоўка прызначаная на 20 лістапада. Цяперашняя экспедыцыя юбілейная - 50-я. Узначальвае экіпаж беларус Алег Навіцкі, з ім астранаўт Еўрапейскага касмічнага агенцтва Тама Песке і астранаўт НАСА Пегі Уітсан. На борце станцыі яны прабудуць амаль паўгода і правядуць больш як 40 навуковых эксперыментаў.

На Байкануры працуе наша здымачная група. Усё, што магло застацца за кадрам, але не выслізнула з аб'ектыва тэлекамер АТН, сёння ўвечары ў "Панараме".