З градкі - у рукі пакупнікоў

23 июня 2015

Пакуль у спажыўцоў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца клубніцы. Так, у параўнанні з гарадскімі магазінамі цэны ад вытворцаў ягад на рынку на 15-20% ніжэй. Ці  будзе выязны гандаль працаваць на сталай аснове? Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Для таго каб мінчане змаглі набыць самыя свежыя ягады проста з градак, Дзяніс Шульжык прачынаецца апоўначы і з Драгічына адпраўляецца ў сталіцу.  А сёмай раніцы пачынаецца гандаль. Сёння прадпрымальнік прывёз каля шасці тон чырвонай ягады.

У таварнай інтэрвенцыі прымаюць удзел сялянска-фермерскія гаспадаркі, гандлёва-нарыхтоўчыя арганізацыі, прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі.  

Гандляваць клубніцамі на самы буйны рынак сталіцы з усёй краіны сёння прыехалі каля дваццаці прадпрымальнікаў. У сярэднім за дзень тут прадаюць звыш 20 тон чырвоных ягад. Дарэчы, цэны пры гандлі з машын  на 15-20% ніжэй, чым на гандлёвых радах.

Так, калі на рынку цана на клубніцы пачынаецца ад 25 000 рублёў за кілаграм, то ад фермераў і тых, хто вырошчвае ягады на прысядзібным участку,  цана ніжэй на 10 000 - 15 000.

Паводле слоў спецыялістаў, таварная інтэрвенцыя з’яўляецца адмысловым рэгулятарам цэн. Вытворцы насычаюць рынак свежай прадукцыяй без гандлёвых надбавак. Ды і ў цане прадаўцы заўсёды гатовы саступіць. У выніку ў плюсе застаюцца пакупнікі. 

Аксана Скіндар, начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза:

"Мы фарміруем цану, для таго каб яна была даступная для любога жыхара горада Мінска.  І нашы цэны заўсёды канкурэнтаздольныя. Гэта каля 15-20% танней, чым у нашых канкурэнтаў".

Таварная інтэрвенцыя працягнецца і падчас продажу пладоў і агародніны: бульбы, гуркоў, капусты. Тым больш што рэжым працы выязнога гандлю неабмежаваны.