З 22 па 25 чэрвеня ў сувязі з правядзеннем велагонак у Мінску будзе абмежаваны рух

18 Чэрвеня 2019

У рамках Еўрапейскіх гульняў пройдуць спаборніцтвы, якія могуць унесці некаторыя змяненні ў рух  сталічнага транспарту. Так, з 22 па 25 чэрвеня ў сувязі з правядзеннем велагонак будзе абмежаваны рух на некаторых участках дарог.

22 і 23 чэрвеня пройдуць групавыя спаборніцтвы жанчын і мужчын - 120 і 180 кіламетраў адпаведна. Стартуюць удзельнікі ў самым цэнтры сталіцы - на Кастрычніцкай плошчы. Маршрут велагонкі пройдзе праз вуліцы Энгельса, Купалы, Кісялёва, Фрунзэ, Трасцянецкай і Пуліхава. Гэта неабходна ўлічваць аўтамабілістам і тым, хто будзе перамяшчацца гэтымі днямі па горадзе на грамадскім транспарце.

24 чэрвеня - трэніроўка індывідуальнай гонкі з 7:30 да 13:30. А 25-га - фінальныя заезды  з 7 раніцы  да 5 вечара. Старт і фініш таксама на Кастрычніцкай плошчы. Маршрут пройдзе па вуліцах  Інтэрнацыянальнай, Купалы, Старажоўскай, Багдановіча, Нямізе, Раманаўскай Слабадзе і Ціміразева. Рух па маршруце велагонкі будзе перакрыты. Гэта датычыцца як вадзіцеляў, так і пасажыраў аўтобусаў і тралейбусаў. Будзе абмежаваны выезд аўтамабіляў з прылеглых двароў. А таксама за суткі да старту спаборніцтваў і ў дні іх правядзення будзе забаронена паркоўка ўздоўж вуліц, па якіх пройдуць велагонкі.