З 20 сакавіка - дакументальны фільм "Хатынь. Вайна без правіл" у эфіры "Беларусь 3"

19 марта 2018

Беларусь на гэтым тыдні ўспамінае трагедыю, якая апісвае ўвесь страх, жорсткасць і жах Другой сусветнай вайны. Роўна 75 гадоў таму фашысты спалілі вёску Хатынь разам з яе жыхарамі.

Падзеі, прысвечаныя даце, закрануць усю краіну. Бо Хатынь - гэта мемарыял не толькі адной вёскі, гэта помнік дзевяці з лішнім тысячам спаленых беларускіх вёсак у гады вайны. Так, ужо сёння маладыя актывісты добраўпарадкоўвалі тэрыторыю мемарыяла. Таксама ў гэтыя дні пройдуць выставы і канферэнцыі. Будуць выдадзеныя архіўныя зборнікі і кнігі, якія адкрываюць новыя факты аб гісторыі самой Хатыні, яе жыхарах і нават карніках.

Галоўныя мерапрыемствы, прысвечаныя трагедыі ў Хатыні 21 і 22 сакавіка: на сцэне Белдзяржфілармоніі пройдзе канцэрт-рэквіем, у самім музеі пад адкрытым небам адбудзецца мітынг, удзел у якім прымуць кіраўнікі дзяржорганаў, а таксама прадстаўнікі дыпмісій і кіраўнікі рэлігійных канфесій. Да трагічнага юбілею сваю прэм'еру прымеркаваў тэлеканал "Беларусь 3". Чатырохсерыйны хранікальна-дакументальны фільм "Хатынь. Вайна без правіл" у эфіры стартуе ўжо заўтра - 20 сакавіка.

Удзел у стварэнні фільма ўзялі вядомыя гісторыкі і архівісты. У праектах скарыстаная хроніка 1943 года і фрагменты частковай рэканструкцыі тых падзей. Праз трагедыю адной вёскі - погляд на трагедыю ўсёй Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне - ужо заўтра на тэлеканале "Беларусь 3" першая серыя дакументальнага праекта.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя