З 2019 года ў Беларусі плануецца ўвядзенне біяметрычных дакументаў

6 ноября 2017

Лічбавы подпіс разам з ID-картай і два дзеючыя біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу. Тое, што з 1 студзеня 2019 года заменіць беларусам іх галоўны персанальны дакумент. У дакументальным пераходзе задзейнічаныя звыш 30 арганізацый, галоўныя ж распрацоўшчыкі ID-карты і біяметрычнага пашпарта - Мінфін, МУС і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Аб плюсах і мінусах навінак - рэпартаж Дзіяны Равяковай.

Унутраным дакументам беларусаў стане ID-карта. Экстраннай замены пашпарта не будзе. Ледзь больш чым праз год ID-карту атрымаюць паўналетнія і тыя, чые пашпарты прыйшоў час мяняць. Аднак у даступнай з 2019 года кожнаму беларусу пашпартна-картачнай замене ёсць цэлы шэраг бонусаў. Галоўны з якіх - электронны лічбавы подпіс. ID-карта паслужыць носьбітам і дасць уладальніку дакумента доступ да шырокага спектру электронных паслуг.

Атрымаць доступ да электронных паслуг не складзе цяжкасці. Для гэтага ўладальніку ID-карты неабходныя будуць пін-код і лагін, якія ён атрымае ў пашпартным стале разам з новым дакументам. Паводле слоў спецыялістаў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, усё ідзе да таго, што ўжо ў найбліжэйшай будучыні ў электронным выглядзе беларусы не змогуць зрабіць толькі тры рэчы: прадаць нерухомасць, узяць шлюб і развесціся.

Замест аднаго пашпарта ў беларусаў з'явяцца адразу два дакументы - гэта ID-карта і біяметрычны пашпарт. Ён неабходны для выезду за мяжу. Не выключана, што нашы падарожнікі і бізнесмены, наогул, усе тыя беларусы, чые пашпарты хутка запаўняюцца візамі і спецыяльнымі адзнакамі, змогуць атрымліваць адразу некалькі такіх дакументаў.

А дакладней - два адначасова дзеючыя біяметрычныя пашпарты. Па адным можна будзе адправіцца за мяжу, а другі пакінуць у пасольстве для чакання выдачы візы. Гэтая прапанова распрацоўшчыкаў новых дакументаў ужо прапрацавана з міжнароднымі арганізацыямі і прапаноўваецца для разгляду дзяржаўным органам.

Новымі біяметрычнымі дакументамі будуць замененыя службовы і дыпламатычны пашпарты, праязныя дакументы бежанца і асобы без грамадзянства. А ID-карты, акрамя як беларусам, будуць выдавацца тым, хто пастаянна пражывае ў краіне замежнікам і асобам без грамадзянства. Дарэчы, акрамя віз, на старонках біяметрычнага пашпарта ніякіх адзнак не будзе. Дадзеныя аб прапісцы ў электронным выглядзе адлюструюцца на ID-карце.