З 1 верасня ў некаторых сталічных дамах прыбіранне пад'ездаў праводзяць клінінгавыя кампаніі

19 октября 2016

З 1 верасня ў некаторых сталічных дамах прыбіранне пад'ездаў сталі праводзіць працаўнікі прыватных клінінгавых кампаній. Сістэма адносна новая, сучасная і, здавалася б, працаваць павінна эфектыўна. Але… толькі на першы погляд. Да нас на гарачую лінію звярнуліся жыхары Партызанскага раёна і распавялі, што плата за прыбіранне рэгулярна спаганяецца, а парадак у пад'ездах так і не наводзіцца. У сітуацыі разбіралася Юлія Грызунт.

Таццяна Падбярэзкая паказвае сваю жыроўку за верасень: плата за ўборку ёсць. Толькі чамусьці ў пад'ездах усе лесвіцы абсыпаныя паперкамі, недакуркамі, паўсюль пыл і павуцінне. Раней свае пад'езды ў такім стане жыхары гэтага дома не бачылі.

Паводле правіл, павінна быць сухое прыбіранне 2 разы на тыдзень, вільготнае - адзін раз на два тыдні. Дарэчы, сума ў жыроўцы не залежыць ад таго, дзяржаўная або прыватная кампанія сочыць за парадкам у вашым доме. Гэта крыху больш за 50 капеек з аднаго чалавека.

З 1 верасня ў гэтым доме перасталі прыбірацца працаўнікі ЖЭС - ім на змену прыйшлі людзі з прыватных клінінгавых кампаній. З тых часоў у першым і трэцім пад'ездах прыбраліся ўсяго 1 раз. А жыхары другога не бачылі прыбіральшчыкаў як мінімум 2 месяцы.

На першым паверсе вісіць графік прыбірання. Тут - адзін подпіс за кастрычнік, праўда, чый ён, жыхары не ведаюць. Ды і змен у пазначаны дзень - 7 кастрычніка - таксама ніхто не зазначыў. Дарэчы, за кастрычніцкім графікам, насуперак календару, не верасень, а ліпень. Тэрыторыю каля дома прыбралі ад лісця. Трэба сказаць, што часта за парадкам двара/пад'езда і асабліва за станам смеццевых бакаў сочаць адначасова розныя арганізацыі.

Гэта праблема не толькі жыхароў, але і саміх клінінгавых службаў: сістэма зарабіла нядаўна, часцяком звароты ў ЖЭС не адразу трапляюць да патрэбнага адрасата. Працаўнікі клінінгавых кампаній просяць усіх жыхароў тэлефанаваць напроста ім. Паводле слоў супрацоўнікаў, усе праблемы вырашаюцца на працягу адных сутак. Калі зварот паступіў да абеду, служба можа прыехаць праз некалькі гадзін. Скаргаў пакуль што сапраўды нямала. У кампаніі гэта тлумачаць неспрактыкаванасцю.

Сяргей Грыгаровіч, менеджар аддзела сэрвіснага абслугоўвання клінінгавай кампаніі: "Партызанскі раён - гэта наш пілотны такі праект, мы ўлічваем усе памылкі, усе нашы недахопы. Імкнемся іх ужо прадугледзець. Вось як Цэнтральны раён запусціўся, нешта загадзя было прадугледжана. Маскоўскі раён, спадзяюся, мы сустрэнем наогул у поўным узбраенні. І спадзяюся, што нашы стандарты возьмуць за эталон".

Сёння новая сістэма працуе менш як у 10% сталічных дамоў. Але адміністрацыя горада плануе ўвесці такую практыку паўсюдна. Каб адказваць за вызначаны ўчастак, кампаніі праходзілі санітарную праверку і строгі адбор. Ужо зусім хутка пройдзе наступны тэндар.

Аляксандр Юхно, дырэктар КУП "ЖКГ Партызанскага раёна г. Мінска": "Пры выбары падрадных арганізацый намі ўлічваліся такія асноўныя крытэрыі, як дзелавая рэпутацыя патэнцыяльных падрадчыкаў, іх фінансавыя магчымасці і тэхнічныя сродкі па ажыццяўленні гэтага віду дзейнасці. У выніку праведзеных комплексаў у нас вызначылася 2 прыватныя арганізацыі, якія з'явіліся ў раёне па прыбіранні".

Працаўнікі ЖКГ не адмаўляюць, што ў будучыні такая сістэма можа зарабіць па ўсёй Беларусі.