З 1-га лістапада ў нашай краіне з'явіліся новыя ўчасткі платных дарог у сістэме BelToll

2 ноября 2015

Заключыць дагавор з кампаніяй-аператарам кліенты змогуць і ў новых пунктах абслугоўвання, якія ўжо працуюць у пяці раёнах. Усяго ж працягласць платных трас перавысіла паўтары тысячы кіламетраў. За якія дарогі зараз давядзеецца заплаціць, даведалася Наталля Тарасюк.

Вадзіцель-міжнароднік Андрэй Новікаў у пункце абслугоўвання BelToll упершыню. Прычына візіту - пашырэнне сеткі платных беларускіх дарог. Пра змяненні ён даведаўся са спецыяльнага інфармацыйнага буклета, калі перасякаў мяжу нашай краіны.

Плюс 323,5 кіламетра. З уводам новых участкаў агульная працягласць сеткі BelToll перавысіць 1500 кіламетраў.

Вадзіцелям зараз трэба заплаціць за праезд па ўчастку дарогі P21 Віцебск - мяжа з Расіяй у Лёзна; Р23 Мінск - Мікашэвічы (працягласць платнага адрэзку складзе 70 кіламетраў); Р99 Баранавічы - Ваўкавыск - Пагранічны - Гродна. Каб пераадолець шлях ад Бераставіцы да мяжы з Польшчай, таксама прыйдзецца заплаціць. Зменяць статус і новыя ўчасткі трас М5 (ад Жлобіна да Гомеля) і М6 (участак у раёне Шчучына).

Кампанія-аператар да ўводу ў камерцыйную эксплуатацыю новых дарог рыхтавалася не толькі тэхнічна. У раёнах, якія з пачатку лістапада падключылі да сістэмы BelToll, загадзя арганізавалі спецыяльныя семінары для кампаній-перавозчыкаў.

Сяргей Буры, менеджар па сувязях з грамадскасцю кампаніі-аператара сістэмы BelToll: "Сустрэчы нам арганізавалі райвыканкамы. Сустрэчы прайшлі на дастаткова высокім узроўні: дырэктары прадпрыемстваў, спецыялісты, якія адказваюць за бухгалтэрыю, спецыялісты, якія адказваюць за стан транспартнага парку, задавалі свае пытанні. І, вядома, такія паездкі вельмі шмат даюць".

Зараз колькасць карыстальнікаў BelToll ужо перавышае 225 тысяч. Павышэння тарыфаў з увядзеннем новых дарог не будзе. Але каб не плаціць больш, кампанія-аператар настойліва рэкамендуе аўтаўладальнікам усё ж усталёўваць бартавую прыладу.

Аляксандр Паршанкоў, кіраўнік групы назірання за зборам аплаты кампаніі-аператара сістэмы BelToll: "Немагчыма сказаць, што ўсе 100% карыстальнікаў платных дарог карэктна аплачваюць карыстанне платнымі дарогамі. Нейкая частка карыстальнікаў фіксуецца як парушальнікі правілаў карыстання праездам дарог. Большая частка адносіцца да тых карыстальнікаў, якія не абсталяваныя прыладай для аплаты".

З пачатку лістапада абнаўлення чакае і сайт аператара. Кліентам стануць даступныя новыя функцыі ў "Асабістым кабінеце". У рэжыме анлайн карыстальнікі змогуць даведацца, ці ёсць у іх парушэнні. І нават убачыць дзякуючы статусу "Аплачана", калі плата прыйдзе па прызначэнні.

Якіх-небудзь нязручнасцяў, звязаных з заключэннем дагавора, набыццём бартавой прылады і папаўненнем рахунку ў кліентаў сістэмы відавочна не ўзнікне. Дадаткова адкрытыя пункты абслугоўвання (іх налічваецца цэлых пяць) у Лёзненскім, Жлобінскім, Ваўкавыскім, Слуцкім і Слонімскім раёнах. Яны ўжо працуюць у стандартным рэжыме. Больш за тое, падрабязную інфармацыю пра новыя платныя ўчасткі дарог і пункты абслугоўвання можна знайсці ў новай рэдакцыі спецыяльнай карты карыстальніка.