З 1 лютага паслугі камутаванага доступу ў Сетку стануць недаступныя для абанентаў

13 января 2017

Эра Dial-up Інтэрнэту завяршаецца ў Беларусі. З 1 лютага паслугі камутаванага доступу ў Сетку стануць недаступныя для абанентаў. Нагадаем, гэта першая тэхналогія падлучэння да Сусветнай павуціны, якой у Беларусі мог скарыстацца кожны. Увайсці ў Інтэрнэт можна было толькі з дапамогай мадэма і стацыянарнага тэлефона.

Юрый Галякевіч, начальнік упраўлення РУП "Белтэлекам": "На змену нізкахуткаснаму, але ўсёабдымнаму доступу прыйшла тэхналогія высакахуткаснага. За гэтым будучыня. Калі ў 98 годзе паслуга камутаванага беспарольнага доступу да Сеткі пачала развівацца з магчымасцю адначасовай працы 120 абанентаў, то да 2006 года адначасова маглі працаваць з выкарыстаннем гэтай тэхналогіі каля 40 000 карыстальнікаў".

Летась Dial-up карысталіся 14 000 беларусаў. Зрэшты, гэта хутчэй са звычкі, чым з неабходнасці. Бо па ўсёй краіне ўжо даступны шырокапалосны доступ у Інтэрнэт.