З 1 снежня адкрываецца рух транспарту па вуліцы Алібегава на ўчастку ад вуліцы Сямашкі да праспекта Газеты Правда. Адначасова з гэтым стане даступнай і новая транспартная развязка на праспекце Дзяржынскага. Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец правёў сёння некалькі гадзін на будоўлі і пераканаўся, наколькі зручным стане гэты ўчастак для вадзіцяляў.
Першы дзень каляндарнай зімы прыйдзе да жыхароў сталіцы з прыемным падарункам. Асабліва даспадобы ён будзе аўтааматарам. 1 снежня на ўчастку ад вуліцы Сямашкі да праспекта Газеты Праўда адкрыецца рух транспарту.
Адначасова з гэтым стане даступнай і новая развязка на праспекце Дзяржынскага. Яе будаўніцтва вялося з сярэдзіны 2011 года. Зараз дарожнікі актыўна добраўпарадкоўваюць прылеглую тэрыторыю, манціруюць дарожныя знакі і наладжваюць працу святлафораў. Таксама на васьміпалоснай дарозе засталося нанесці разметку.
Разам з тым дарожнікі манціруюць лінію і для тралейбусаў. Пакуль жа рух грамадскага транспарту абмяжуецца толькі аўтобусамі. Тралейбусы ж пусцяць крыху пазней. На будаўніцтва толькі гэтага ўчастка дарожнікам спатрэбілася каля двух гадоў і прыкладна 32 мільярды рублёў. Нягледзячы на тое што за два дні трэба яшчэ шмат чаго паспець, дарожнікі абяцаюць справіцца ў тэрмін.
Праз два дні па свежым асфальце паедуць тысячы аўто. Паводле ацэнкі ДАІ, пасля ўвядзення ў строй развязкі і ўчастка вуліцы Алібегава разгрузяцца вуліцы Янкі Брыля і Гурскага, якія часова на перыяд дарожных работ прынялі на сябе значную транспартную нагрузку.














