Рынак у чаканні развязкі калійнага скандалу

10 сентября 2013

Рынак у чаканні развязкі калійнага скандалу, справакаванага ўладальнікам Уралкалія Сулейманом Керымавым. Паводле звестак расійскіх выданняў, яго долю ў кампаніі гатовыя выкупіць іншыя бізнесмены. СМІ называюць прозвішчы трох вядомых прадпрымальнікаў, якія могуць стаць новымі партнёрамі беларусаў на сусветным рынку ўгнаенняў. Гэтая вестка ўжо выклікала ажыўленне на біржы. У чаканні змены ўласніка калійныя акцыі ўпершыню значна пайшлі ўверх.


Расказвае Юрый Пракопаў.


Расійскія бізнес-колы пачалі пошукі кампрамісу з Беларуссю. Першыя паведамленні аб пошуку выйсця з тупіку, у які загнаў калійную галіну цяперашні ўладальнік Уралкалія Сулейман Керымаў, з'явіліся ў расійскіх СМІ яшчэ ў нядзелю. Аб продажы акцый Керымава на сваёй старонцы ў Facebook распавёў адвакат Аляксандр Дабравінскі.


Facebook, Дабравінскі: Вельмі сур'ёзная крыніца мне паведаміла сёння ўвечары, што спадар Сулейман Керымаў у пятніцу 6 верасня прадаў вялікі пакет акцый (калі не ўсе свае акцыі) у кампаніі Уралкалій нейкаму банкіру К. (Коган?) з Пецярбурга.


Гэтая інфармацыя выклікала пазітыўную рэакцыю на рынку. На весткі аб сыходзе з калійнага бізнесу Сулеймана Керымава біржы маментальна адгукнуліся ростам каціровак акцый Уралкалія. Ужо ў панядзелак з моманту адкрыцця гандлю цана каштоўных папер кампаніі ўпэўнена пайшла ўверх.


Як паведамляе газета Коммерстантъ, каціроўкі акцый найбуйнейшага сусветнага вытворцы калія Уралкалія на ММВБ выраслі на 8,7%. На Лонданскай фондавай біржы цана паднялася яшчэ вышэй - амаль на 10%. Гэта першы сур'ёзны рост Уралкалія з 30 ліпеня, калі аб'ява аб скасаванні партнёрства з Беларуськаліем абваліла яго акцыі амаль на 20%. Крыніцы Ъ на рынку звязваюць гэта з чуткамі аб продажы долі асноўным акцыянерам Уралкалія Сулейманам Керымавым (валодае 21,75%).


Рэакцыя рынку паказала, што сыходу Керымава з Уралкалія чакалі даўно. Алігарха асацыююць з рэйдарствам, абвалам акцый і заняпадам Уралкалія. І гэта прытым, што ён здольны прыносіць вялікія прыбыткі і ўладальніку, і бюджэту краіны.


Змена ўласніка Уралкалія, лічаць расійскія эксперты, можа пацягнуць аднаўленне кааперацыі з Беларуссю на рынку калійных угнаенняў.


Міхаіл Смірноў, аналітык ІФК Метрополь: Станоўча на акцыях кампаніі Уралкалій можа адбіцца патэнцыйны продаж долі Сулеймана Керымава, паколькі можа дазволіць вырашыць канфлікт з Беларуссю і гіпатэтычна прывесці нават да некаторага аднаўлення Уралкаліем супрацоўніцтва з гэтай краінай.


У Расіі добра разумеюць, што працаваць з беларусамі выгадна. Разам мы здольныя кантраляваць больш за 40% сусветнага рынку калійных угнаенняў. Але Керымаў іграў нейкую сваю гульню, з-за якой прайгралі інтарэсы абедзвюх краін.