Рынак працы ў Беларусі

13 марта 2017

Стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення інвестыцый, развіцця бізнес-клімату ў краіне, ліквідацыя бюракратычных бар'ераў - усё гэта важны стымул для адкрыцця новых прадпрыемстваў і кампаній, а значыць і рабочых месцаў. Падчас вялікай нарады аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі Прэзідэнт даручыў: 1 Мая, свята працы, усе, хто можа і хоча працаваць, павінны сустрэць занятымі. Зразумела, задача няпростая, але выканальная. Аб гэтым гавораць і лічбы. У нашай краіне ў некаторых рэгіёнах сёння вакансій нават больш, чым афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Як знайсці занятак па душы і што рабіць, калі патрэбна запатрабаваная прафесія? Рынак працы вывучыў Аляксей Адашкін.

Артур Сяргеенка на гэтай кандытарскай фабрыцы працуе з канца мінулага года. Працу шукаў спачатку па аб'явах у газеце, хадзіў на сумоўі. Рэальную дапамогу адчуў толькі пасля таго, як стаў на ўлік ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Ілья Сердзюкоў змог знайсці працу прыкладна месяц таму. З яго сярэдняй спецыяльнай адукацыяй атрымаць навыкі грузчыка цяжкасці не склала. Але гэтая прафесія - толькі першая прыступка ў кар'ернай лесвіцы. Малады чалавек сур'ёзна настроены крочыць уверх на гэтай фабрыцы.

Усяго на гэтай кандытарскай фабрыцы дзякуючы супрацоўніцтву з цэнтрам занятасці з пачатку года працаўладкавалі прыкладна два дзясяткі чалавек. За апошнія два месяцы 1300 чалавек змаглі знайсці працу дзякуючы Гомельскай службе занятасці. Дваццаці двум беспрацоўным была выдадзена субсідыя для адкрыцця ўласнай справы. Амаль дзве сотні чалавек змаглі прайсці перападрыхтоўку.

Каб павялічыць шанцы на працаўладкаванне, дзяржава прапаноўвае ўсім, хто жадае, дапамогу ў перанавучанні. Летась новыя прафесіі ў краіне асвоілі 1200 чалавек, што на траціну больш, чым у 2015-м. Стымулам для пошуку працы стаў і Дэкрэт № 3. Выкананне дакумента дазволіць палепшыць сітуацыю на рынку працы. Прэзідэнт на мінулым тыдні абазначыў і канкрэтны тэрмін - 1 мая. Сёння Кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з прадстаўнікамі айчыннага IT-сектара растлумачыў, хто і чым павінен быць заняты да свята працы.

Дапамагаць з працаўладкаваннем будуць і мясцовыя органы ўлады. Гэта сёння заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Максім Рыжанкоў напярэдадні Дня Канстытуцыі ўручыў выдатнікам вучобы і лепшым спартсменам-школьнікам першыя пашпарты. Наступным па важнасці дакументам для гэтых маладых людзей павінна стаць працоўная кніжка. Дзяржава зробіць усё магчымае, каб праблем з пошукам працы не было ні ў каго.

Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Сапраўды, зараз распрацоўваюцца змяненні ў дэкрэт. Акрамя таго, дакладна пастаўлена задача як ураду, так і мясцовым органам улады па аказанні садзейнічання ўсім грамадзянам па працаўладкаванні і вырашэнні наогул любых іншых пытанняў, што датычацца жыццезабеспячэння нашых грамадзян. Я спадзяюся, што Прэзідэнта ўсе добра пачулі, і ўсе яго ўказанні будуць усімі выконвацца не на 100%, а на ўсе 200%. Трэба да кожнага чалавека падысці так, быццам ты вырашаеш пытанне сваё або самых блізкіх сваякоў - тады, упэўнены, усё атрымаецца".

У Беларусі ўзровень беспрацоўя па-ранейшаму адзін з самых нізкіх на постсавецкай прасторы.

Найгоршая сітуацыя ў нашага партнёра па ЕАЭС - Арменіі. Там не працаўладкаваны практычна кожны пяты. У Латвіі беспрацоўе складае амаль 10 працэнтаў. У Літве 8 працэнтаў эканамічна актыўных жыхароў краіны афіцыйна не могуць працаўладкавацца. У Расіі беспрацоўе хоць і зніжаецца, але дагэтуль перавышае беларускі паказчык у шэсць разоў.

Мяркуючы па статыстыцы, прыцягнуць да працы тых, хто здольны і павінен працаваць, можна. Наймальнікі заяўляюць, што сёння ў краіне існуюць каля 40 тысяч вакансій. Беспрацоўных пры гэтым толькі прыкладна на дзве з паловай тысячы больш. З такім конкурсам на адно рабочае месца знайсці сабе годны занятак па душы не так і складана - было б жаданне.

А ў некаторых рэгіёнах вакансій нават больш, чым прэтэндэнтаў на працаўладкаванне. Такая сітуацыя ў Мінску, у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Колькасць прапаноў працы павялічылася за год у паўтара раза. Пры гэтым колькасць тых, хто стаіць на ўліку беспрацоўных, за той жа час зменшылася прыкладна на 16 працэнтаў. Выбіраць сапраўды ёсць з чаго.

Пашыраць рынак працы дазваляе і мадэрнізацыя. СВК "Агра-Моталь" спецыялізуецца на вырошчванні бульбы. Пад ёй 500 гектараў палёў. Ужо гэтай вясной тут пачне працаваць цяпліца на 25 сотак, дзе расліны будуць знаходзіцца ў стапрацэнтна абароненым ад шкоднікаў асяроддзі. Гэта павысіць ураджайнасць і дазволіць задзейнічаць дадатковыя працоўныя рэсурсы.

Летась у Моталі вырасцілі каля 18 тысяч тон бульбы. Львіная доля ідзе на экспарт у Расію, Малдову, Азербайджан. У сучасных умовах трэба і працаваць па-новаму. Так, на прадпрыемстве нядаўна ўсталявалі лінію па ачыстцы і фасоўцы бульбы ў вакуумную ўпакоўку. Прадукт ужо паступае ў магазіны і рэстараны Брэсцкай вобласці.

Станоўчы ўплыў на рынак працы можа аказаць не толькі мадэрнізацыя, але і лібералізацыя дзелавога асяроддзя. Займацца бізнесам становіцца прасцей. І гэта важны стымул для стварэння новых прадпрыемстваў і кампаній. А значыць, і выбар прафесій і вакансій для беспрацоўных стане яшчэ шырэйшым. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя