Рынак працы абмяркоўвалі прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій і Федэрацыя прафсаюзаў

14 февраля 2020
Якія змяненні чакаюць рынак працы ў найбліжэйшы час і якія прафесіі будуць запатрабаваныя, абмяркоўвалі сёння прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій і Федэрацыя прафсаюзаў. 
На думку экспертаў, выкарыстанне робатызаваных прылад на фабрыках і заводах немагчыма без перанавучання супрацоўнікаў. 
Калі верыць амерыканскім даследаванням, то праз 13 гадоў праз робатызацыю ў ЗША можа знікнуць  больш як палова рабочых месцаў. Для Кітая гэта доля складзе амаль 80 працэнтаў. Ну, а чаго чакаць нам? Ці заменяць машыны людзей? У будучыню рынку працы, якая ўжо не за гарамі, зазірнула Ксенія Лебедзева.
 
Два гады таму ў Кітаі з'явіўся першы ў свеце рэстаран, дзе ежу гатуюць і разносяць машыны.  Досыць даўно функцыі дапаможных рабочых, зваршчыкаў, кур'ераў паспяхова выконваюць робаты. Часам яны незаменныя хатнія памочнікі. Акрамя таго, скарачэнне попыту на працу касіраў у сегментах рытэйлу і фастфуду звязана з развіццём кас самаабслугоўвання - гэта ўсё сусветныя тэндэнцыі. Што ж рабіць людзям, чые месцы паступова займаюць машыны, і ці гатовы да лічбавага буму і агульнай аўтаматызацыі беларускі рынак працы? Гэтае вострае пытанне абмеркавалі сёння прадстаўнікі ПВТ і Федэрацыі прафсаюзаў.
На думку экспертаў, выкарыстанне робатызаваных прылад на фабрыках і заводах немагчыма без перанавучання супрацоўнікаў. Каб вырашыць гэтую праблему,  прапаноўваюць спрагназаваць патрэбнасці рынку, знайсці недахопы ў ведах і навыках супрацоўнікаў і  аўтаматызаваць вытворчасць, каб паскорыць працэсы без шкоды для якасці. Менавіта так паступілі на мэблевай фабрыцы ў Гродне яшчэ 8 гадоў таму.
Два з паловай месяцы ў фабрычнай школе - і Антону Шымуку даручылі кіраванне сучасным станком, які калібруе дэталі. 

Таццяна Шадская, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Гродзенскай мэблевай фабрыкі:  "На нашай кампаніі працуе больш за 1700 чалавек. На гэты момант адбываецца мадэрнізацыя вытворчасці. З'яўляюцца новыя станкі. Вялізная колькасць людзей застаецца непатрэбнай. Мы, вядома, за кожнага чалавека, таму нацэленыя на тое, каб захаваць ім рабочыя месцы, годную зарплату і сацыяльны пакет. Таму ўсе людзі маюць магчымасць перанавучыцца ў нашым навучальным цэнтры, які створаны пры нашым прадпрыемстве, атрымаць дадатковую спецыяльнасць, кваліфікацыю і застацца на сваіх рабочых месцах ужо ў новых умовах працы".

 Маргарэт Кінер Нелен - эксперт па міжнародным праве і правах чалавека, прадстаўнік прафсаюзаў Швейцарыі і зараз старшыня Асацыяцыі сяброўства Швейцарыя - Беларусь. Ацэньваючы сітуацыю ў свеце, жартуе, што нават калі людзей заменяць робаты, юрысты застануцца: хтосьці ж іх павінен будзе рассудзіць у спрэчных пытаннях. А наогул выказвае сваю турботу з-за гаджэтаў, якія з намі 24 гадзіны.

Маргарэт Кінер Нелен, адвакат, старшыня Асацыяцыі сяброўства Швейцарыя - Беларусь:

"Работнікі не павінны думаць, што яны ў тэхналагічным рабстве, калі начальнік ім можа даць заданне і ў выхадны, і ўначы, усяго толькі напісаўшы паведамленне. Асабісты час павінен быць аддзелены ад рабочага, бо ў 99 % адыход ад гэтага правіла ўсё роўна не дае вынікаў. Размова не ідзе аб спецыяльных службах".

Адной з тэм стала змяненне заканадаўства ва ўмовах трансфармацыі рынку працы. Сёння нормы права не заўсёды паспяваюць за эвалюцыяй адносін паміж работнікамі і наймальнікамі.

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Ідуць новыя тэхналогіі, і каб чалавек працаваў досыць эфектыўна, яго трэба вучыць. Ёсць такое паняцце - "адукацыя праз усё жыццё". Калі мы ў мінулым стагоддзі змагаліся з эксплуатацыяй работнікаў, то ў гэтым - з незапатрабаванасцю".

У канцы студзеня ўвайшоў у сілу абноўлены Працоўны кодэкс, дзе сярод іншага ўпершыню былі замацаваныя нормы дыстанцыйнай працы, якая сёння часцяком запатрабаваная сярод супрацоўнікаў IT-галіны, а гэта ў першую чаргу абараняе іх правы. Прапановы былі выпрацаваныя сумесна з ПВТ і федэрацыяй. Так што супрацоўніцтва ўжо прынесла свой плён. Чакаем вынікаў і ад гэтай сустрэчы.