Рынак мабільнай сувязі ў Беларусі дасягнуў насычэння

21 июля 2013
Сёння прырост абанентаў мабільных аператараў за год вылічаецца не мільёнамі, як раней, а некалькімі тысячамі. Чакаецца, што з часам званкі паміж мабільнымі сеткамі будуць таннець, а зносіны ў Інтэрнэце выцесняць тэлефонную сувязь.

Аб сучасных тэндэнцыях развіцця сотавай сувязі ў Беларусі раскажа Таццяна Кучун.

Мабільныя тэлефоны зараз ёсць ва ўсіх, каму патрэбная мабільная сувязь. Са з'яўлення першага аператара мабільнай сувязі ў Беларусі прайшло 14 гадоў. Гэтыя гады база абанентаў толькі расла. Летась паказчык знізіўся ўпершыню за ўсю гісторыю мабільнай сувязі ў Беларусі. Прычына - зачыстка неактыўных сім-карт у абаненцкіх базах аператараў. Сёння ў краіне 10 млн. 750 тыс. абанентаў. Узровень пранікнення складае 113%.

Рэаліі сучаснага свету такія, што людзі хутка ўзбройваюцца самым разнастайным наборам гаджэтаў. Тэлефон, планшэт, тры-джы мадэм. Для кожнага свая сім-карта. Рэдкі беларус сёння абыходзіцца адной сімкай.

Мабільная сувязь развіваецца так імкліва, што ў хуткай будучыні, паводле слоў спецыялістаў, міжсеткавыя званкі будуць каштаваць практычна столькі ж, колькі каштуюць званкі ўнутры сетак.

Максім Івашын, вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю аператара мабільнай сувязі: Са здыманнем аператарскіх бар'ераў пранікненне будзе меншае. Яно будзе парадку 100%, таму што людзі будуць проста адмаўляцца ад непатрэбных сім-карт, выбіраючы аднаго аператара, калі будзе ўсё роўна куды тэлефанаваць.

Канкурэнцыя на рынку паслуг сувязі пашырае выбар спажыўца і зніжае кошты на паслугі. Акрамя таго, беларусам вельмі важна не адстаць ад тэхнічнага прагрэсу.

Максім Івашын, вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю аператара мабільнай сувязі: Выключнымі тэмпамі падвойваецца, патройваецца аб'ём перадачы дадзеных, у першую чаргу, мабільны Інтэрнэт. Усе аператары прызнаюць, што галасавы трафік стаў значна ніжэйшы, г.з. размаўляюць людзі значна менш, чым карыстаюцца паслугамі Інтэрнэта.

У краіне тры з паловай мільёны карыстальнікаў бесправаднога мабільнага Інтэрнэта. Месячны інтэрнэт-трафік - мільёны гігабайт. Дарэчы, менавіта за кошт абанентаў мабільнага Інтэрнэта абаненцкая база па інэрцыі працягвае павялічвацца. Бо ў цэлым рынак мабільнай сувязі ўжо парадкам насыціўся.