Рыбакі-валанцёры змайстравалі для падводных жыхароў Мінскага мора яловыя гнёзды

12 апреля 2017

Каб улоў быў багатым. Рыбакі-валанцёры змайстравалі для падводных жыхароў Мінскага мора яловыя гнёзды. Хвойныя калыскі спатрэбяцца для нерасту судака - ігольчастыя лапкі захаваюць ікрынкі ад глею і драпежнікаў. Такім чынам ужо хутка на Заслаўскім вадасховішчы можна чакаць бэбі-бум. Самыя рыбныя месцы адзначыў для сябе і Ян Пашкевіч.

У будні гэта праца, а ў выхадныя - ужо хобі, жартуе Андрэй Сыраквашка. Прадстаўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў нават вольны час бавіць на беразе Заслаўскага вадасховішча. Разам з сынам, як і дзясяткі рыбакоў, майструе гнёзды для судака з елкі.

Такія своеасаблівыя падводныя «шпакоўні» апусцяць на глыбіню каля 4 метраў. Спачатку яны стануць калыскай для мільёнаў ікрынак судака, а потым і прытулкам для малькоў - маленькія рыбкі змогуць хавацца ў іглічных лапках ад драпежнікаў.

З-за глею дно Мінскага мора нагадвае зыбкія пяскі, а таму рыбам складана знайсці каменне або карчы для нерасту. Самаробныя яслі ўзвышаюцца над дном, такім чынам пясок не перашкаджае ікрынкам павольна дыхаць кіслародам.

Зараз у Мінскім моры з'явіўся цэлы квартал садкоў для рыбы - пад ваду апусцілі каля паўтысячы хвойных гнёздаў.

Можна бачыць, што непагадзь не стала перашкодай - рыбакі ўсё роўна будуць адвозіць гнёзды на глыбіню. Пры гэтым такіх месцаў вельмі шмат - звыш 200 пунктаў на Мінскім моры.

Пры гэтым бэбі-бум назіраецца не толькі ў судака - вадасховішча штогод зарыбляюць карпамі, шчупакамі і карасямі. Водныя мігранты хутка абжываюцца і самі ствараюць для сябе камфортныя ўмовы ў новым доме.

Вадаёмы Мінскай вобласці зараз сталі закрытай зонай для рыбакоў - падчас нерасту лоў рыбы забаронены. Адновіцца ж сезон палявання з вудай напрыканцы мая.