Кіраўнікі аблвыканкамаў працягваюць выязныя прыёмы грамадзян

21 августа 2019

Уважліва выслухаць, разабрацца і прыняць рашэнне. Кіраўнікі аблвыканкамаў працягваюць выязныя прыёмы грамадзян.

Cёння ў цэнтры ўвагі губернатара Мінскай вобласці Анатоля Ісачанкі пытанні жыхароў горада Крупкі. Гэта своечасовая выплата зарплат, а таксама добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Звярнуўся да губернатара і прадпрымальнік з Крупак Фарук Самір. Выхадзец з Лівана жыве ў райцэнтры ўжо 15 гадоў. За апошнія паўтара года ён не можа ўвесці ў эксплуатацыю новае кафэ - будынак выйшаў за межы зямельнага ўчастка. Былі праблемы з санітарнымі і пажарнымі службамі. Пры гэтым само кафэ - гэта новыя рабочыя месцы і разнастайная кухня. Анатоль Ісачанка прыняў рашэнне знайсці законныя спосабы падтрымаць ініцыятывы прадпрымальніка.

Добраўпарадкаванне мікрараёнаў, рамонт мясцовай бальніцы і вырашэнне зямельных спрэчак. Гэта топ пытанняў, якія сёння былі названы ў Рагачове. Там прыём грамадзян і прамую лінію правёў губернатар Гомельскай вобласці Генадзь Салавей. Прагучалі і прапановы. Сярод іх стварыць дом-музей імя Уладзіміра Караткевіча, біяграфія якога была звязана з Рагачовам. Некаторыя пытанні старшыня аблвыканкама разгледзеў з выездам на месца. Па ўсіх зваротах дадзены растлумачэнні, кожны ўзяты на кантроль.