Рубрыка "Усім навука". Унікальнае валакно арселон

28 ноября 2017

12-13 снежня ў Мінску пройдзе II з’езд навукоўцаў Беларусі. У форуме возьмуць удзел больш за 2 тысячы дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Чакаецца прыезд вядомых навукоўцаў Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў. Ключавым дакументам, які будзе вынесены на абмеркаванне на форуме, стане праект стратэгіі "Навука і тэхналогіі да 2040 года". Пра тое, як навука развівае тэхналогіі і рухае прагрэс, новая рубрыка Агенцтва тэленавін "Усім навука". Дзякуючы навукоўцам Інстытута хіміі Акадэміі навук хімічнае валакно пад назвай арселон атрымала новыя, больш дасканалыя ўласцівасці. Мала хто ведае, што менавіта з арселону атрымліваецца тканіна для вопраткі пажарных. Як матэрыял супрацьстаіць агню, нам прадэманстравалі ў лабараторыі інстытута. А вось для таго каб атрымаць яшчэ і эксклюзіўныя кадры прамысловай вытворчасці арселону, здымачная група адправілася ў Светлагорск. Хто купляе арселон? І як новыя супалімеры, атрыманыя навукоўцамі, могуць змяніць будучыню электрамабіляў?

Усяго секунды на зборы, каб адправіцца ратаваць нечыя жыцці. Вопратка пажарных - важны фактар паспяховага выканання місіі. Яна павінна заставацца лёгкай і зручнай, але засцерагаць ад высокіх тэмператур і вады. Таму тканіну для пашыву такой экіпіроўкі вырабляюць на аснове асаблівага валакна.

Навукоўцам удалося значна палепшыць уласцівасці валакна арселон, павысіўшы кіслародны індэкс. Тым самым вопратка з такога матэрыялу дазваляе, напрыклад, пажарным працаваць пры высокіх тэмпературах 270-320 градусаў, г. зн. бліжэй падыходзіць да агню.

Вырабы з арселону вытрымліваюць кароткачасовы цеплавы ўдар тэмпературы 400 градусаў. Тканіна здольная супрацьстаяць кроплям, іскрам металу, распаленым да 800 градусаў. Такія характарыстыкі - вынік працы спецыялістаў Інстытута хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук.

Уладзімір Агабекаў дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі: "8-10 гадоў ішлі лабараторныя выпрабаванні. Была пабудавана маленькая ўстаноўка па атрыманні зыходнай сыравіны з адходаў Магілёўхімвалакна. Навука зараз стала адыгрываць большую ролю менавіта ў практычным плане і большую ролю менавіта ў стварэнні новых матэрыялаў рознага функцыянальнага прызначэння ў прамысловасці".

Вытворчасцю арселону пад ранейшай назвай аксалон займаліся яшчэ ў Савецкім Саюзе. У Беларусі, на прадпрыемстве "Светлагорскхімвалакно", яго сталі выпускаць з канца 1970-х. Гэта складаны тэхналагічны працэс.

На выхадзе можна атрымаць нітку, штапельнае валакно, тканіну. Мадыфікаваны арселон прадпрыемства выпускае пад заказ, бо гэта эксклюзіўны высокатэхналагічны прадукт. Новага, палепшанага валакна ўжо пастаўлена больш за 30 тон. Такімі тэхналогіямі валодаюць усяго толькі каля васьмі краін свету.

Васіль Касцюкевіч, гендырэктар ААТ "Светлагорскхімвалакно": "У нас паразуменне поўнае з навукай. І тое, што мы гаворым пра арселон, гэта толькі пачатак таго руху, які мы прапаноўваем. Асабліва мы спадзяемся развіць нашу навуковую работу з пускам завода цэлюлозна-кардоннага камбіната, дзе мы таксама распрацоўваем з нашай Акадэміяй навук праекты па павелічэнні дабаўленай вартасці".

Арселон самы прыбытковы прадукт прадпрыемства. Яго купляюць кампаніі з 37 краін свету. Арселоновая нітка служыць аплёткай шлангаў высокага ціску ў машынах, таму 80 % прадукцыі ідзе ў Заходнюю Еўропу, у аўтаканцэрны Германіі і Францыі.

Яўген Мікулінскі, намеснік гендырэктара ААТ "Светлагорскхімвалакно": "Cамый галоўны наш праект - гэта стварэнне касцюмаў для нафтавікоў. Змяніліся патрабаванні да гэтых касцюмаў. Вялікія расійскія нафтавыя кампаніі хочуць абараніць сваіх рабочых ад уздзеяння тэмператур і засцерагчы ад узгарання. Гэтыя патрабаванні прадугледжваююць выкарыстанне тэрмаўстойлівых матэрыялаў, і гэтым патрабаванням адпавядае аш арселон".

Дзейсная навукова-прамысловая кааперацыя адкрывае новыя магчымасці - заказчыкаў і рынкі збыту. А вытворчасць арселону - яркі прыклад таго, якую ролю можа адыграць навука па сутнасці для ўсіх галін прамысловасці.

Нараўне з мадыфікаваным арселонам навукоўцы атрымалі новыя супалімеры для вырабу валокнаў і плёнак з яшчэ большым кіслародным індэксам - 32%. Іх можна выкарыстоўваць ужо як пратонправодзячую мембрану ў паліўных элементах. Прасцей кажучы, распрацоўка навукоўцаў Інстытута хіміі новых матэрыялаў дазволіць захоўваць энергію. Гэта сур'ёзная заяўка, якая, магчыма, зменіць будучыню электрамабіляў.