Рубрыка "Усім навука ". Медыцына

6 декабря 2017

Беларускія навукоўцы пашыраюць сферу прымянення стваловых клетак. Сёння распрацаваныя каля 15 тэхналогій. Гэта лячэнне дэфектаў скуры, захворванняў крыві, апорна-рухальнага апарату, вялікія спадзяванні ўскладаюцца на стваловыя клеткі ў кардыялогіі. Сам тэрмін з'явіўся больш як 100 гадоў таму, але толькі апошнія дзесяцігоддзі клетачная тэрапія стала вялікай навукай. Аб айчынных даследаваннях - у нашай рубрыцы "Усім навука".

Клетачныя тэхналогіі Аляксандра Бураўскага цікавілі яшчэ ў студэнцкія гады. Сёння кандыдат медыцынскіх навук прымяняе іх на практыцы. Больш як дзесяць гадоў беларускія навукоўцы ішлі да таго, каб новы метад выйшаў за рамкі лабараторый. У яго аснове - стваловая клетка. Вось яна на экране манітора. Па форме нагадвае верацяно. Навукоўцы тлумачаць: стваловая клетка - аснова чалавечага арганізму. Хутка дзеліцца і з'яўляецца ўніверсальным будаўнічым матэрыялам для любой тканіны і органаў.

Аляксандр Бураўскі, кандыдат медыцынскіх навук, асістэнт другой кафедры хірургіі хвароб БГМУ: "За ўвесь час працы ў гэтым кірунку ўжо рознымі спосабамі з прымяненнем клетачных тэхналогій пралечана больш як 100 пацыентаў. Больш чым у 70 працэнтах выпадкаў атрымалася дасягнуць поўнага загойвання трафічнай язвы і ўстойлівага. Пры тым, што ніякія іншыя метады не прыводзілі да такога выніку".

Ірына Балаціна ўжо не пацыент, а госць аддзялення. Некалькі гадоў таму на фоне дыябету з'явілася рана, якая не загойвалася. Мазі і таблеткі не дапамагалі. Прапанавалі клетачную тэрапію. З тлушчавай тканіны пацыенткі вылучылі ствалавыя клеткі. Потым у лабараторыі іх размножылі і ўжывілі ў пашкоджаны ўчастак скуры.

"Вынік выдатны, - згаджаюцца ўрачы, - гэтыя распрацоўкі каштуюць таго, каб укладваць грошы".

У свеце зараз гэтым тэхналогіям надаецца вельмі вялікае значэнне. Мы ўдзельнічалі ў працы пагаджальных камісій Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і былі прадстаўленыя на гэтым сходзе 18 краін свету. І, дарэчы, нашай краіне было адведзена па развіцці гэтых тэхналогій трэцяе месца ў свеце пасля Кітая, Новай Зеландыі.

Праз 20 - 25 дзён мы атрымаем біямасу, якая складаецца з 4 - 5 мільёнаў клетак, якіх досыць для лячэння вызначаных паталогій.

Цэнтр клетачных тэхналогій пры Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Акадэміі навук Беларусі. Тут вылучаюць і нарошчваюць стваловыя клеткі, якія потым трансплантуюць пацыентам. А яшчэ вывучаюць і тэсціруюць нябачных воку разумных "донараў". Новы кірунак - 3D-прынтынг - па сутнасці, штучнае стварэнне органаў. На аснове стваловых клетак ужо распрацаваны айчынны эквівалент скуры чалавека. Прыжывальнасць тканіны - у 97 працэнтах выпадкаў!

Мы нашы фундаментальныя даследаванні пашыраем і прыступілі да новага кірунку - рэдагавання генаў - калі мы можам узяць з геному любой клеткі, у тым ліку стваловай, выразаць ген або ўчастак гена. Калі ёсць які-небудзь генетычны дэфект, мы яго можам выдаліць.

Сучасная медыцына навучылася захоўваць дзесяцігоддзямі стваловыя клеткі з пупавіннай крыві. Спецыялісты лічаць гэта пажыццёвай біялагічнай страхоўкай нованароджанага. У Беларусі два банкі пупавіннай крыві: на базе 9-ай Мінскай гарадской клінічнай бальніцы і РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

Святлана Дрык, загадчыца лабараторыі сепарацыі і замарожвання касцявога мозгу 9-ай Гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска: "Пасля родаў кантэйнер з крывёй прывозяць да нас, у нас вылучаюць клеткі і кладуць на захоўванне. Яны вельмі маладыя, таму іх патэнцыял значна вышэйшы, чым патэнцыял клетак дарослага арганізму. Яны ідэнтычныя клеткам касцявога мозгу. Таму ва ўсіх выпадках, дзе патрабуецца перасадка касцявога мозгу, яны могуць быць скарыстаныя. У Беларусі гэта некаторыя віды анкалогіі, гэта ўся гематалогія, гэта значыць захворванні крыві, і анкагематалогіі.".

Паслуга платная, дагавор з бацькамі складаюць на 18 гадоў. Потым ужо паўналетняе дзіця можа яго прадоўжыць.

У гэтых кантэйнерах - біялагічная страхоўка паўтары тысяч маленькіх беларусаў. Захоўваюць матэрыял у вадкім азоце. Тут яго 400 кілаграмаў. Тэмпература ўнутры камер мінус 196 градусаў па Цэльсіі.

Тэхналогія для сусветнай навукі не новая, але актуальная. І ў Беларусі яна ёсць. Як і ўласныя поспехі ў даследаванні клетак жыцця. Навукоўцы спадзяюцца ў найбліжэйшай будучыні ствараць з іх тканіну і цэлыя органы. Таму патрэбнасці медыцыны ў такім матэрыяле практычна не абмежаваныя.