Рубрыка "Праменад" пра культурныя падзеі сталіцы

12 марта 2021

Настальгія на сцэне - зоркі беларускай оперы праспяваюць шлягеры савецкага кіно. А ў Нацыянальным гістарычным музеі прапануюць правесці аналогію "было і стала". Праз фотавыставу "Даліна руж" пакажуць жыццё легендарных Ружан 20 гадоў таму і сёння.

Яшчэ больш культурных лакацый - у нашым традыцыйным культурным маршруце на выхадныя.

Маскоўскія лініі і вуглы завезлі ў Цэнтр сучасных мастацтваў. Гэта першая замежная пасылка, якая змагла пераехаць цераз закрытую мяжу з-за COVID. Лічы, канцэптуальная абстракцыя з намёкам на чорны пакой Ладоўскага ад стваральніка Музея авангарда ў Маскве.

Выпускнік Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, тэатральнага інстытута імя Шчукіна Антон Кетаў стварае дэкарацыі да спектакляў і прадумвае канцэптуальную абгортку выстаў. На мінскую экспазіцыю натхніў жывапіс Малевіча і праект горада Круцікава, які лятае. Ідэальны свет, пазбаўлены смецця, прывёз асабіста на машыне і збіраў яго тут з нуля.

Літаральна за сценкай іншы погляд на супрэматызм Малевіча ад Малея. Мастак таксама ўраджэнец Віцебшчыны і паслядоўнік самага хітовага майстра XX стагоддзя. У свае 70 не проста ўзнаўляе тое, што бачыць і як хоча. Аргументуе праз навуковыя працы. Касмічныя 3D-інсталяцыі - пра азёры і прастору па-за сусветам.

Да пачатку мая ўвесь першы паверх цэнтра аддадзены пад абстракцыю. Праводзяць лікбез па навуковых працах самога Малевіча і расказваюць, куды павінна ісці думка, калі вывучаеш чарговы арт-аб'ект.

Дзеля прыгажосці і эстэтыкі. Больш за 100 рарытэтных чайнікаў ад Добрушскага фарфоравага завода ў шкле Нацыянальнага гістарычнага. Хай без гарбаты, але сімвалічна ўтульна. Усяго ў фондах музея 10 тысяч такіх вырабаў з гісторыяй і ў ручным роспісе. Стваралі цэлыя карціны, распісваючы палівай.

Упершыню знялі слой пылу і з чайных набораў завода, якога, на жаль, ужо не знайсці на карце. Дарэчы, іх дызайнам займаліся знакамітыя мастакі краіны: Данчук, Літвіненка. На асобным шкляным падносе калекцыя, аформленая ў лепшых беларускіх традыцыях: лён, васількі і збор ураджаю.

У якасці канцавога прыпынку парэкамедуем вам спачатку не музей, а пляцоўку ля Палаца спорту. Тры дні да Вялікага посту. Значыць, самы час творча правесці зіму і выключна блінны дзень. Ужо заўтра тут галоўны дзень масленічных гулянняў. Можаце ўзляцець на драўляных арэлях і зайсці ў госці да цешчы. Не абыдзецца без спальвання чучала. Свята пачнецца апоўдні. Абавязкова паспейце наблізіць вясну.