У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай выстава Яўгена Халдзея. Дзякуючы яго фотаздымкам мы ведаем больш пра герояў вайны. А ў філіяле Гістарычнага музея - артэфакты, якія знаёмяць з сучасным расійскім мастацкім тэкстылем. Куды яшчэ можна паспець вечарам і дзе экспануюцца карціны, да якіх можна нават дакрануцца? У рубрыцы "Праменад" раскажа Дар'я Тарасава.
Тактыльнае мастацтва або палотны, да якіх неабходна дакрануцца. Інклюзіўны праект Васіля Зянько ў выставачных залах філіяла Музея гісторыі беларускай літаратуры. Каб мастацтва было зразумелым і даступным для тых, хто адчувае свет кончыкамі пальцаў, аўтар аб'яднаў аб'ёмныя фактуры, шрыфт Брайля і прыправіў палотны паэзіяй Багдановіча.
Яго рэльефы ўпрыгожваюць знакавыя архітэктурныя аб'екты Беларусі. Зянько ствараў інтэр'еры для музея-запаведніка ў Нясвіжы, аднаўляў фасады Гродзенскага замка. Тактыльнымі палотнамі загарэўся яшчэ некалькі сезонаў таму. Мастацтва для невідушчых пачаў асвойваць падчас эксперыменту, а менавіта арт-лабараторый са шведскімі калегамі. Пасля прысвяціў праект лірыцы Алеся Разанава. А сёлета аформіў урыўкі з сямі твораў Максіма Багдановіча. З пераводам паэзіі на шрыфт Брайля дапамагла кансультант Марыя Рудко. На справе прыйшлося падключаць не толькі творчасць, але і матэматыку.
Абмяжоўвацца нацыянальнай кніжнай спадчынай Зянько не гатовы. У перспектыве эстэты змогуць адчуць навобмацак творы сусветных класікаў. Ёсць у экспазіцыі і бонусная зала. У ёй сабраны работы з найбольш вядомых серый. Большасць бачылі міжнародныя вернісажы. Дарэчы, некаторыя з-за пандэміі яшчэ не вярнуліся з аўстрыйскага рандэву.
Ён вучыўся маляваць у Шышкіна і Куінджы, а пазней яго дыпломную «Вясну» набыў Траццякоў. Пад эгідай 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца імя майстра нацыянальнага пейзажу ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2020 год. Сёння адразу 4 залы Нацыянальнага мастацкага музея прымаюць яго юбілейную выставу.
Нарадзіўся ў Беларусі, дыплом жывапісца атрымаў у Расіі, а прафесарам стаў у Кракаве. І, здаецца, усюды аўтара лічаць сваім. Як любы творца любіў мяняць лакацыі, але знакавыя працы напісаў на малой радзіме. Сёння ў юбілейнай экспазіцыі карціна "Ля касцёла". Доўгі час гэта было адзінае палатно аўтарства Рушчыца ў фондах. Толькі летась вярнуліся яшчэ тры жывапісныя работы з ранняга перыяду. У залах не толькі карціны майстра і яго настаўнікаў, але і творы мастакоў, якія пісалі на пленэры ў Багданаве. На экспанаванні, праўда, не ў арыгіналах з-за эпідсітуацыі, а ў алічбаваным варыянце і пейзажы з музейных збораў іншых краін.
І яшчэ адзін значны юбілей. Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча спадчыну аўтара твораў "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Сівая легенда" прадэманстравалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У экспазіцыі эксклюзіўныя кніжныя пераплёты, выданні з кабінета Караткевіча і экслібрысы. Большасць зроблены пісьменнікам. Ёсць і кніжныя знакі, распрацаваныя для аўтара вядомымі мастакамі.
У афішы Вялікага вялікі балет. "Карсар" называюць так не толькі за працягласць актаў, але і масавасць спектакля. Сімвалічна, што гэта трэцяя рэдакцыя для тэатра і трэцяя паспяховая праца кампазітара Шарля Адольфа Адана. Магія лічбаў на акадэмічных падмостках а 19-й гадзіне.
Такім быў арт-дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.













