Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага прапануе падарожжа "Без віз", а генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прадставіў персанальны вернісаж у Лепельскім краязнаўчым.
На якія культурныя падзеі вы паспееце гэтым вечарам, якія мерапрыемствы нельга пакінуць па-за ўвагай на наступным тыдні. Арт-падборка ў Дар'і Тарасавай у рубрыцы "Праменад".
Пачынаем адваротны адлік. Да Новага года яшчэ два месяцы, а ў Нацыянальным гістарычным ўсё, здаецца, гатова да 31 снежня. Напярэдадні тут зманціравалі самую атмасферную экспазіцыю сезона. Якія атрыбуты спадарожнічаюць святу на розных кантынентах у музеі, пакажуць сёння. Віртуальны навагодні тур па 73 краінах без візавых абмежаванняў стартуе вечарам.
Выстава - частка калекцыі ў тысячы асобнікаў. У прыватным зборы не толькі ёлачныя цацкі, але і навагоднія маркі, паштоўкі, фігуркі Санта-Клауса, Дзеды Марозы і нават рытуальныя маскі з Афрыкі. Так, у апошніх жыхары Ганы разгульваюць напярэдадні свята. Яшчэ да пачатку пандэміі каранавіруса святочную падборку паспелі папоўніць экспанаты з Віфлеема. У экспазіцыі і рэкардсмен Гінеса - самы вялікі шкляны шар, нумарныя галандскія ўпрыгажэнні і мастацкія шэдэўры, перанесеныя на сферычную паверхню. Ужо гэтым вечарам пасля прагулкі па навагоднім лабірынце гасцей чакае майстар-клас па стварэнні і дэкоры ёлачных цацак.
Да інтэрактыву і суаўтарства ў выставачным праекце заклікае Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Раскадроўку Новага года пакажуць 10 снежня, але патэнцыяльных фіналістаў выберуць ужо ў канцы лістапада.
Для экспазіцыі "Анталогія свята" арт-пляцоўка збірае аматарскія і прафесійныя кадры з сямейных альбомаў. Творчы праект задуманы як экскурс у гісторыю святкавання Новага года. Для ахвотнікаў прыняць удзел некалькі ўмоў. Так, лічбавую копію здымка з вашага архіва неабходна накіраваць на электронны адрас Цэнтра сучасных мастацтваў з пазнакай "Праект "Новы год". Сам кадр суправадзіць апісаннем. Пазначыць аўтара і месца здымкі. Лепшыя працы стануць экспанентамі выставы.
Шрыфт. Твор мастацтва або майстэрства рук таго, хто піша? Да першага варыянту схіляюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Да 75-годдзя Акадэміі мастацтваў працы педагогаў і студэнцкія эксперыменты сабралі ў сховішчы кніжнай спадчыны.
Пошукі сучаснага ў старым. Здаецца, так гучыць галоўны меседж шрыфтавікоў новага пакалення. У экспазіцыі работы з арыенцірам на гістарычныя пошукі беларускіх дызайнераў мінулага стагоддзя, калі нацыянальны друк развіваўся вельмі актыўна і рэверанс у гонар аўтара самага мадэрновага шрыфту свайго часу - Францыска Скарыны. Кожная праца пацвярджэнне - у Беларусі свая культура кнігі.
Кінаманаў чакае рэліз міжнароднага кінапраекта Расіі, Германіі і "Беларусьфільма". "Урокі фарсі" часткова здымалі ў Бабруйску і на натурнай пляцоўцы нашай кінастудыі. Сусветную прэм'еру прыняў Берлінскі кінафестываль і, здаецца, на апладысменты не паскупіліся нават крытыкі. Сваю рэцэнзію на стужку можаце даць і вы. У пракаце мінскіх кінатэатраў фільм ужо на наступным тыдні.













