У Мінску экспануецца тайнапіс вядомага сюррэаліста Сальвадора Далі. А мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" яшчэ некалькі тыдняў будзе запрашаць на майстар-класы тых, хто жадае ствараць арт-аб'екты з гліны. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў прапануе пазнаёміцца з беларускімі абстракцыямі.
На якія яшчэ культурныя мерапрыемствы можна паспець гэтым вечарам і якія эксклюзівы падрыхтавалі выставачныя пляцоўкі – усе дэталі раскрые Дар'я Тарасава ў рубрыцы “Праменад”.
Мастацкі густ, любоў да фатаграфіі і пастаўленая рука. Менавіта па гэтых параметрах можна высветліць аўтара, які ведае, як злавіць той самы момант. Сваёй падборкай ракурсаў у Нацыянальным гістарычным падзяліўся Юрый Іваноў. Майстра рэпартажнага жанру вы напэўна пазнаеце па "лятучцы" - лепшым фота свету за дзесяцігоддзе.
Праз яго аб'ектыў свет сачыў за распадам Савецкага Саюза, прачуў драму чарнобыльскай трагедыі і ўбачыў закуліснае жыццё “Песняроў”. У свае 80 Юрый Іваноў не расстаецца з камерай, займае пасаду спецыяліста па сувязях з грамадскасцю вядучай гуманітарнай установы краіны і з'яўляецца абавязковым госцем свецкіх раўтаў. Да юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў аўтар разбавіў партфоліа кадрамі ў колеры. Спецыяльна да персанальнай выставы арыгіналы перанеслі на планшэты. Дарэчы, пасля вернісажу яны папоўняць музейныя фонды. Канешне, з прыцэлам на міжнароднае рандэву.
Савецкі палітычны плакат. У свой час за даходлівасць графічнай мовы яго называлі агітацыйнай бомбай. Казалі: карыкатура знішчальна дзейнічала на ворага. Сёння мастацкая сатыра - гэта не толькі сапраўдны гістарычны дакумент, але і ўнікальны музейны экспанат.
Да дня заснавання Музея Вялікай Айчыннай арыгіналы з фондаў пераехалі ў выставачныя залы. Усяго ў калекцыі звыш 500 плакатаў. Лічба большая толькі ў Расіі. "Вокны ТАСС" памерам з маштабнае палатно - падарунак ад знакамітых “Кукрыніксаў”. Тут жа работы Віктара Дэні і Іраклія Таідзэ, аўтара самага вядомага плаката ваенных часоў. У тых, хто жадае, ёсць толькі месяц на тое, каб убачыць прадметы з гісторыяй. Прадоўжыць экспанаванне не дазваляе тэрмін службы цэлюлознай паперы. Для капрызнага матэрыялу патрэбныя асаблівыя ўмовы. Экспанаты выстаўлены пад антыблікавым шклом, якое засцерагае ад прамых сонечных прамянёў і аблягчае працу рэстаўратарам.
Ну а той, хто не любіць планаваць, але не супраць імправізацыі, паспее правесці вечар пад музычнае палатно Чайкоўскага. Яшчэ ёсць час трапіць на прэм'ерны “Шчаўкунчык” у Вялікі тэатр. Казку на пуантах у новай рэдакцыі Елізар'ева на сцэне дадуць а 19-й гадзіне.
У пастаноўку не столькі ўнеслі карэкціроўкі, спектакль літаральна адрэстаўравалі. Да прэм'еры ў цэхах аднавілі дэкарацыі Яўгена Лысіка, іх гледачы бачылі на прэм'ерным паказе 1982 года. Частку сцэнічнага ўбрання адшылі зноў. Дарэчы, "Шчаўкунчык" назвалі адным з самых масавых спектакляў Вялікага: задзейнічана 5 саставаў салістаў. Ну а для тых, хто не зможа назіраць за дзействам з глядзельнай залы, тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтуе тэлеверсію. У эфіры прэм'ера 1 лістапада.
Такім быў арт-дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.













