Рубрыка "Праменад"

13 октября 2017

Заўтра Вялікі тэатр Беларусі запрашае на оперу Вердзі "Рыгалета"! Саліст - з Украіны. У гістарычным музеі - 2 новыя выставы: манеты ВКЛ і экспазіцыя фатографа і паэта - Льва Дашкевіча і Янкі Купалы. Час планаваць выхадныя з рубрыкай Ларысы Гулякевіч.

Вялікі тэатр Беларусі ў суботу дае оперу "Рыгалета". Сярод запрошаных салістаў - цудоўны тэнар з Украины Міхаіл Малафій. Рубрыка "Праменад" трапіла на рэпетыцыю.

Неўміручая опера Джузэпе Вердзі "Рыгалета". Драма аб недахопах чалавечай душы, гісторыя немінучай адплаты. 14 кастрычніка за дырыжорскім пультам Віктар Пласкіна, "Рыгалета" спявае Міхаіл Громаў, у ролі Герцага на сцэне Вялікага тэатра ўкраінскі тэнар Міхаіл Малафій - часты госць Вялікага тэатра Беларусі, саліст Львоўскай оперы, які атрымаў першую прэмію і прыз сімпатый гледачоў на 2-м Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў. Ён таксама пераможца італьянскага конкурсу оперы Competizione dell'Opera.

Нацыянальны гістарычны музей прапануе розныя па жанры дзве выставы. Першая прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы.

Частка экспазіцыі прысвечана сяброўству і сумеснай працы двух выдатных асоб свайго часу - фатографа і паэта - Льва Дашкевіча і Янкі Купалы. Імя Янкі Купалы вядомае ва ўсім свеце, а Льва Дашкевіча, беларускага фотамайстра першай трэці ХХ стагоддзя, стала сапраўдным адкрыццём у гісторыі беларускай мастацкай фатаграфіі. На выставу прыехаў з Масквы ўнук беларускага фотамайстра Леў Дашкевіч-малодшы і падараваў гістарычнаму музею сямейную фотакамеру.

Другая выстава ў Нацыянальным гістарычным дэманструе манеты Вялікага Княства Літоўскага. Гэта дэнарыі, якія чаканіліся ў часы вялікіх князёў Альгерда, Вітаўта і Ягайлы.

Зараз у пастаяннай экспазіцыі адразу 19 новых экспанатаў. Гэта рэдкія манеты 14 стагоддзя. Гістарычная і нумізматычная каштоўнасць была набытая праз краўдфайндынг. Дзякуючы гэтай практыцы сродкі на фінансаванне праекта прымаюцца ад ўсіх ахвочых. Акрамя каштоўных манет, прэзентаваўся невялічкі скарб XV стагоддзя і 2 пенязі Альгерда і Ягайлы, перададзеныя аматарамі прыборнага пошуку.

Усіх матуль віншую з Днём маці, які адзначаецца заўтра, нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.