Бяспека сёння - паняцце шматграннае, складаецца яно са шматлікіх складальнікаў. Абарона эканамічнай бяспекі і барацьба з кантрабандай - задача мытных органаў. Культурныя каштоўнасці, ювелірныя вырабы, зброя або дарагая тканіна і абутак - гэта няпоўны спіс тавараў, якія вязуць цераз мяжу незаконна. Нярэдка перавозчыкі ў надзеі сэканоміць на мытных плацяжах гатовыя нават знізіць якасць грузу. Прасцей кажучы, натуральную тканіну або скуру выдаюць за штучныя. Як вынік - пошліна ніжэйшая. У такім разе ў справу ўступаюць эксперты. Прадукцыя праходзіць праверку ў мытнай лабараторыі. Вопытныя спецыялісты ставяць адзнаку аб якасці тавара. Сёння ў нашай рубрыцы "Справа маладых" раскажам аб працы Алены Савіцкай - галоўнага эксперта адзінай у Беларусі мытнай лабараторыі. Рэпартаж Карыны Пашковай.
Мытная лабараторыя ў сваім родзе з'яўляецца ўнікальнай. У краіне яна адзіная. А гэта значыць, што ўся прадукцыя, якая выклікае ў супрацоўнікаў ведамства сумненні, трапляе на праверку менавіта сюды. Алена Савіцкая спецыялізуецца на таварах лёгкай прамысловасці і прадуктах харчавання.
Падобная сітуацыя і з абуткам. Некаторыя перавозчыкі выдаюць натуральную скуру за штучную. Сэнс у тым, што абутак з натуральнай сыравіны даражэйшы, а значыць абкладаецца больш высокай пошлінай.
Свой працоўны і ў нейкім сэнсе творчы шлях у мытнай лабараторыі Алена пачала адразу пасля інстытута - воля лёсу. Дзяўчына даведалася пра вакансію і абавязкова вырашыла паспрабаваць свае сілы. Пачынала яна на пасадзе інспектара, сёння, праз 7 гадоў, Алена Савіцкая - галоўны эксперт мытнай лабараторыі. Але самае важнае, прызнаецца яна, штодзённае развіццё, новыя веды і даследаванні, а значыць рух наперад.
Пакінуць што-небудзь у сакрэце ад спецыялістаў мытнай лабараторыі практычна немагчыма. Тут даследуюць нават культурныя каштоўнасці, праводзяць і крыміналістычныя экспертызы. А прыкладна 30 % ад усіх даследаванняў складаюць праверкі прадуктаў харчавання. Вельмі актуальна напярэдадні свят.
Кожны тыдзень тут, у лабараторыі, праходзіць каля 40 даследаванняў. Тэрмін экспертызы займае не больш за 20 дзён. Калі, вядома, размова не ідзе пра харчовыя прадукты. У такіх выпадках супрацоўнікі лабараторыі імкнуцца правесці даследаванне на працягу 5 дзён.













