Як маладыя беларусы нанова адкрываюць для сябе малую радзіму

11 ноября 2018

Гаспадарскі падыход - аснова поспеху ў любой справе. У тым ліку і на хлебнай ніве. Бо менавіта ад кіраўніка залежыць, які плён будзе атрымліваць сельгаспрадпрыемства. Апраўдаць давер калектыву і падтрымліваць высокую планку - такую задачу ўжо ў першыя дні працы паставіў перад сабою малады кіраўнік Іван Юрашак. Дырэктар упэўнены: гаспадарскі падыход павінен быць у крыві.

Ён узначаліў гаспадарку ў 25 гадоў. Аб працы ў аграрнай сферы марыў яшчэ са школьных гадоў. Таму свядома выбраў сельскагаспадарчую прафесію. І гаворыць, не пашкадаваў ані хвіліны. Сюжэт "Галоўнага эфіру" з паўночнага рэгіёна краіны.

Быць мабільным абавязвае пасада. У свае дваццаць сем Іван Юрашак - ужо дырэктар сельгаспрадпрыемства. ААТ "Туркова" ён узначаліў амаль два гады таму. І тут жа ўвайшоў у пяцёрку самых маладых кіраўнікоў у сферы АПК паўночнага рэгіёна краіны. Гаспадарка дасталася паспяховая. І зараз важна, упэўнены малады кіраванец, апраўдаць давер калектыву.

У жніўні ААТ "Туркова" наведаў Кіраўнік дзяржавы. Для маладога кіраўніка візіт стаў важным іспытам і стымулам трымаць высокую планку.

Гаспадарскі падыход малады кіраўнік паказаў з першых дзён на пасадзе дырэктара. На зерневым складзе з'явіліся новы дах і цялятнік. Таксама ў Туркове пабудавалі яшчэ адну сянажную траншэю. Бо захоўваць корм для жывёл, гаворыць малады кіраўнік, трэба толькі паводле тэхналогіі. Дарэчы, у гаспадарцы пагалоўе - больш за тры тысячы. Шэсцьдзесят працэнтаў малака - класа экстра, астатняе - вышэйшага гатунку.

Уборачную кампанію гаспадарка завяршыла сярод першых у Мёрскім раёне. Але гэта зусім не падстава расслабляцца. Працы заўсёды хапае. Тым больш закладваць аснову будучага ўраджаю трэба ўжо зараз. Зараз на палях паднімаюць зябліва, у майстэрнях ідзе рамонт тэхнікі. Усяго ў гаспадарцы працуюць больш як сто трыццаць чалавек. У асноўным гэта маладыя і перспектыўныя спецыялісты.

Сельгаспрадпрыемства клапоціцца пра сваіх працаўнікоў. Гаспадарка дае камфортнае жыллё. Для маладых спецыялістаў гэта стымул працаваць на зямлі. Такіх хат ужо пабудавалі больш за трыццаць. І на гэтай лічбе ў Туркове спыняцца не будуць.

Іван Юрашак - патомны аграрый. З выбарам прафесіі вызначыўся яшчэ студэнтам. Перш чым узначаліць гаспадарку, сем гадоў працаваў на камбайне. Дарэчы, моладзевы экіпаж заўсёды быў у ліку лідараў. Зараз на годны вынік кіраўнік нацэльвае ўсіх працаўнікоў гаспадаркі. Бо сельская праца патрабуе поўнай аддачы.

Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі Іван Юрашак, не разважаючы, вярнуўся на малую радзіму. Але ўжо не адзін. Падчас вучобы пазнаёміўся з будучай жонкай. Алена, як і муж, - аграном па адукацыі. Зараз сям'я выхоўвае дачок Паліну і Маргарыту.

Яблыневы сад, трусы, дагледжаны ўчастак. З кожным годам гэты падворак становіцца ўсё больш камфортным. Маладая сям'я зрабіла канчатковы выбар на карысць новага жыцця. Усё часцей так робяць і многія іншыя беларусы: бачаць вялікія перспектывы менавіта на малой радзіме.