Сячы нельга пакінуць

31 марта 2016

Кіламетры незаконна высечаных дрэў уздоўж дарог і мільярды рублёў шкоды прыродзе. З такімі фактамі сутыкнуліся спецыялісты Камітэта дзяржкантролю. Маніторынг па ўсёй краіне праводзілі па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. У выніку прыпыненыя дзясяткі неабгрунтаваных высечак. Выяўленыя факты нядбайнага стаўлення да прыроды. Пры гэтым некаторыя ў літаральным сэнсе ліпавыя гаі дагэтуль лічацца на паперы. Сячы нельга пакінуць - дзе будзе пастаўленая коска - разам з супрацоўнікамі дзяржкантролю высвятляў Андрэй Ястрабаў.

Амаль 3 км прыдарожнай паласы трасы Магілёў - Орша, прарэджанай так званай санітарнай высечкай, зараз менш за ўсё нагадваюць жывы шчыт для сельгасугоддзяў. Хутчэй, прыклад варварскага стаўлення да прыроды. Бо разам з ламаччам пад бензапілу трапілі цалкам здаровыя ліпы і бярозы. Дазвол на іх высечку мясцоваму ДЭУ ніхто не даваў. Увогуле знішчаныя больш як сотня дрэў.

Каб схаваць сляды незаконнай высечкі, самі зрэзы вальшчыкі замазалі адпрацаваным машынным маслам. Каб свежы пень не прыцягваў увагу.

І гэта не адзіны факт, калі знішчаюцца не толькі дрэвы, указаныя ў лесасечным білеце. А ўсё, што трапіць пад пілу. Так ля вёскі Калінаўка разам з сухімі ліпамі пад знос пайшлі бярозы і асіны. У гэтым выпадку прыдарожная паласа пазбавілася амаль кіламетра жывога шчыта. А забруджаная выкідамі аўтамабіляў зямля ўвайшла ў сяўбаабарот. Пасевы апынуліся прама ля дарогі.

І яшчэ адзін прыклад у Гомельскай вобласці. Тут больш за ўсё санітарнай высечцы падвергнулася лесапаласа ўздоўж трасы М8-Е95. Амаль 30 км. Афіцыйна такія працы павінны былі прайсці працэдуру ўзгаднення адразу ў некалькіх інстанцыях. Праверка дзяржкантролю паказала: неабходныя дакументы былі не ва ўсіх вальшчыкаў. Інакш як разня не назавеш.

Сяргей Глоба, начальнік упраўлення Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці: "4 км было высечана з парушэннем 214-га ўказу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Усяго на гэтым участку дарогі незаконна высеклі парадку 26 гектараў. Паводле падлікаў спецыялістаў, шкода склала каля 300 млн. рублёў. Матэрыялы праверкі ўжо накіраваныя ў праваахоўныя органы. Аргументы мясцовых улад, хутчэй, падобныя на апраўданне.

Сяргей Атрашкоў, намеснік старшыні Чачэрскага райвыканкама: "На дадзеным участку праводзіліся мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі. Гэта быў першы вопыт у плане дадзенай працы. Спецыялістамі, якія рыхтавалі дазваленчыя дакументы, былі дапушчаныя парушэнні. Дадзеныя парушэнні на сённяшні дзень ухіленыя".

Пазіцыя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адназначная - такія лесапалосы патрэбныя. І ў першую чаргу - для абароны земляў ад шкодных аўтамабільных выкідаў. І кожнае ссечанае дрэва павінна быць на жорсткім кантролі.

Неабгрунтаваная высечка прыдарожных лесапалосаў выяўленая практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пасля праверкі вінаватых прыцягнуць да адказнасці.