Калядныя службы працягваюцца ва ўсіх храмах

25 декабря 2013
Галоўнае святочнае набажэнства ў Мінску ўпершыню ўчора ўвечар прайшло ў касцёле святых Сымона і Алены. Сёння службы ва ўсіх храмах працягваюцца.

Мая калега Наталля Тарасюкзараз знаходзіцца ля Чырвонага касцёла.

Хрыстос нарадзіўся - Бог аб'явіўся! Сёння каталікі віншуюць адзін аднаго з вялікім хрысціянскім святам. Учора ўвечар адбылася святая імша на вігілію Божага Нараджэння. Аднак сёння святкаванне працягнецца. Напрыклад, тут у Чырвоным касцёле ўжо адбыліся набажэнствы нават на літоўскай і італьянскай мовах. Амаль гадзіну таму таксама пачалася імша.

З самай раніцы ў касцёл ідуць вернікі. Многія прымалі ўдзел ў вігілійным набажэнстве. Шмат каталікоў з лампадамі, у якіх знаходзіцца віфлеемскі агонь. Людзі прыходзяць цэлымі сем'ямі, з дзецьмі, каб пакланіцца Немаўляці Ісусу Хрысту.

Вернікі працягнуць віншаваць адзін аднаго з Калядамі яшчэ восем дзён - гэта так званая актава Божага Нараджэння. Яе завершыць Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.

Цікава адзначыць, што сёння для карыстальнікаў Інтэрнэта партал каталіцкага касцёла ў Беларусі будзе трансляваць святочную імшу з мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і Максімільяна Кальбэ.

Ісус, які нарадзіўся ў Віфлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялізны дар людзям ад Бога Айца, які гэтак палюбіў свет, што паслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Немаўля Ісус таксама атрымаў у Віфлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Таму і мы дорым падарункі сваім блізкім, каб падзяліцца праз гэта радасцю свята Божага Нараджэння.