Расія поўнасцю падтрымала прапановы Беларусі па пастаўках нафты. Прэзідэнт правёў сустрэчу з рабочай групай

21 марта 2020
Новыя расійскія прапановы па пастаўцы нафты ў нашу краіну адпавядаюць беларускім умовам. Яны афіцыйна паступілі ад кампаній краіны-суседкі  тры дні таму  і ўжо на наступным тыдні будуць уключаны ў нафтавы баланс прапаноў айчынных НПЗ. Гэтыя і іншыя ўводныя для нафтаперапрацоўкі  абмяркоўвалі сёння ў фармаце спецыяльнай рабочай групы з удзелам Прэзідэнта. Другі блок пытанняў, разгледжаны на нарадзе,  таксама датычыцца беларускіх інтарэсаў. А дакладна абароны інтарэсаў беларускіх грамадзян - тых, хто ўнутры краіны  (размова пра іх здароўе),  і тых, хто не можа пакуль вярнуцца на радзіму з-за каранцінных мер і абмежаванняў, уведзеных перавозчыкамі. Як спраўляецца Беларусь з прыўнесенымі выклікамі?  І як збіраецца змагацца са спробамі пасеяць паніку?

З Палаца Незалежнасці Андрэй Крывашэеў.


Беларусь ва ўмовах "ідэальнага сусветнага шторму"

Як пазбегнуць "ідэальнага шторму" ў эканоміцы і грамадскіх настроях, калі адна хваля праблем (скажам, недапастаўкі нафты) ўзмацняецца другой  (гэта каранавірус), трэцяй (закрыццё межаў суседзямі), чацвёртай (унутраныя панікёры і фэйкі),  і так аж да сёмага вала? Мы часта гаворым: дзяржава ў нас маладая, не самая трывалая ў Еўропе. Але як паказваюць апошнія  тры месяцы, спакойна, з надзейнай камандай адну хвалю за другой наша дзяржаўнае судна, лавіруючы, усё ж пераадольвае, ратуючы і сябе, і тых, хто часова вымушана ці па дурасці апынуўся за бортам. Каманда "шлюпкі для аператыўнага рэагавання"  (яна ж рабочая група) надзейная. Тут кіраўнік урада і яго намеснік, на тым жа ўзроўні Адміністрацыя Прэзідэнта. Плюс вопытная Наталля Качанава і Уладзімір Макей, які адказвае за знешні перыметр. З сілавікоў - сакратар Савета бяспекі, кіраўнікі камітэтаў дзяржбяспекі і дзяржкантролю. Адказны за нафтахімію - Андрэй Рыбакоў, што лагічна. 


Умовы па нафце на II квартал года


Праблемы з пастаўкамі сыравіны сталі першым прыўнесеным валам. Квартал за плячамі, цэны ўпалі ўдвая, зараз ужо прапанаванняў на рынку больш, чым попыту. Прэзідэнт наўмысна апускае прычыны звароту партнёраў да беларускай формулы і прапаноўвае засяродзіцца на галоўным - працы ў другім квартале па ўсім ланцужку: ад сыравіны да экспарту. Сёння сусветная цана за бочку нафты з пастаўкай у красавіку-маі балансуе на адзнацы  25 долараў. І трэнд хутчэй уніз. Найбуйнейшыя вытворцы нафты з Персідскага заліва абяцаюць літаральна заліць Еўропу сыравінай таннейшай  і больш  якаснай за расійскую. Зрабіўшы паўзу, Беларусь пазбегла навязаных нявыгадных умоў і зараз можа выбіраць самую камфортную формулу нафтавага балансу.

Вынікі першага квартала нафтавікі яшчэ падвядуць, але вытрымка відавочна сябе акупіла. Як апраўдвае сябе цвярозы разлік і ўпэўненыя дзеянні ў іншым сусветным "шторме" - вірусным. Прычым з медыцынай усё больш-менш зразумела. Знешні контур, адрасныя тэсты і каранцін, прафілактыка і праца ўсіх дзяржаўных службаў. Падводзяць там, адкуль не чакалі. Вось нашых у Гаа расійскі перавозчык кінуў з білетамі і праблемамі на руках. Зараз патрэбная цэлая аперацыя па выратаванні.  Паводзіны перавозчыка  за межамі прыстойнасці і бізнес-этыкі. Нават калі забыць пра саюзныя абавязацельствы, сумленне і рэпутацыю, білет -  гэта кантракт. Яго нельга скасаваць па прыхамаці і без наступстваў. Надзвычайнае здарэнне на роўным месцы, на жаль, далёка не першае. Вядома, беларусы маюць права чакаць ад Расіі як ад саюзніка большага ўдзелу. Ну ці хаця б на ўзроўні Польшчы і краін Балтыі. Бо калі ў бяду трапляюць расіяне, то па прамым даручэнні Прэзідэнта мы на сваіх і чужых не дзелім, гатовы дапамагаць.  Але ёсць і грамадзянская бязладнасць. МЗС даўно папярэдзіў: без вострай патрэбы не выязджаць, палова краін свету веерам закрыла межы, а нашы людзі ўсё роўна рызыкуюць сабой і блізкімі. Едуць наўдачу адпачыць або зарабіць. Выходзіць і сабе, і дзяржаве даражэй. 


Асаблівая ўвага - пажылым людзям 


А што ў самой Беларусі? Ёсць меры, што навідавоку, а ёсць і формы самакантролю. У сталіцы, не афішуючы, правялі выбарачныя  тэсты на новы вірус. Усе адмоўныя. Але і гэта не прычына расслабіцца - пад ударам людзі сталага ўзросту. Ім зараз патрэбны максімальны ўдзел  блізкіх, суседзяў, дзяржавы. Адсюль даручэнне  ад узроўню Наталлі Качанавай да кожнай раённай уладнай адзінкі. І не для птушкі - для людзей. 


Жорсткая і неадкладная рэакцыя на фэйкі 


Ёсць яшчэ і інфармацыйны вірус. Сее паніку, адцягвае  ад працы ўрачоў, стварае ажыятаж. Носьбіты гэтага віруса як графаманы-аматары, так і арганізаваныя медыя. Хто па неабдуманасці, а хто свядома  распаўсюджвае  фэйкі аб эпідэміі ў Беларусі. Толькі за апошнія  два тыдні лгуны выдумалі чатыры смерці ад новага віруса ў Беларусі. Апошнюю - у Віцебску. І трымалі навіну ў топе пошукавых запытаў амаль суткі, хаця фэйк выкрыўся за некалькі гадзін. Прэзідэнт патрабуе  рэагаваць на ўкіды. Жорстка, як таго патрабуе складаны час. 

Сваёй адпрацаванай практыкі жорсткага пакарання за фэйкі ў  Беларусі амаль няма. Лічы, самыя ліберальныя ў свеце. Блакіроўка  жоўтых сайтаў - мяккая мера, асабліва калі супраць грамадства і дзяржавы дзейнічаюць мэтанакіравана і масава. Па метадычках "тэлефонных тэрарыстаў". Адказнасць за словы, блогі, каментарыі не нясуць ні самі аўтары ўкідаў, ні тыя, хто дае ім пляцоўку. Трэба ўключаць амерыканскую, еўрасаюзаўскую і кітайскую практыку, упэўнены эксперты. 

Можна, вядома, доўга спрачацца аб свабодзе  слова ва ўстойлівым караблі і  падчас штылю. Але калі штарміць за кармой, разносчыкі фэйкаў страшнейшыя за  ізаляванага хворага на борце. Нашы суседзі гэта разумеюць і дзейнічаюць вельмі жорстка, у Беларусі пакуль кампенсуюць  суладнай і спакойнай працай усёй астатняй каманды.