Вынікі праверак Дзяржстандарту не радуюць

20 августа 2015

Апошні месяц лета гарачы ва ўсіх сэнсах. Ажыятаж ля вадаёмаў і на пляжах, не менш шматлюдна вакол школьных прылад. Менавіта зараз, робячы пакупкі спехам, ёсць верагоднасць набыць няякасны тавар. Пад асаблівым кантролем сітуацыю трымае Дзяржстандарт.

Расказвае Вераніка Бута: Вынікі праверак Дзяржстандарту не радуюць. З пачатку года на даследаванні ўзятыя 650 узораў імпартнай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў. Больш як 90% узораў не адпавядалі патрабаванням Мытнага саюза. Адказнасць на прадаўцах і пастаўшчыках, у іх павінны быць дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавара.

Напрыклад, канфіскаваны падчас праверак абутак быў небяспечным для пазваночніка дзіцяці (абцас у тры разы вышэйшы за дапушчальны). У адзенні з бавоўны бавоўны не выяўлена. А кніжная прадукцыя магла парушыць зрок дзіцяці яшчэ ў дашкольным узросце. Няякасную прадукцыю прадаваць забаранілі. Але спецыялісты заклікаюць у першую чаргу саміх бацькоў быць пільнымі. Праверыць кожны тавар у лабараторыі нерэальна.

Менавіта тут, у лабараторыі, усё таемнае становіцца відавочным. Кожны выраб праходзіць да 10 выпрабаванняў, асабліва калі размова ідзе аб здароўі дзіцяці. Бо няправільна падабраныя адзенне або абутак могуць нашкодзіць яму. Вось гэтая мадэль выпрабаванне вытрымала. Дарэчы, праблем з беларускімі вытворцамі практычна няма. Напрыклад, гэты прыбор дазваляе праверыць устойлівасць колеру.

Тавары, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, павінны адпавядаць Тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза. Часцей за ўсё няякасны тавар вязуць з Кітая, Расіі і Польшчы. У перыяд падрыхтоўкі да школы Дзяржстандарт узмацніў увагу да якасці і бяспекі дзіцячых тавараў. Толькі пры ўмове, што ўсё выпрабаванні ў лабараторыі будуць пройдзеныя, тавар трапіць на прылаўкі.