Рэйсавы транспарт у гэтыя дні на асаблівым кантролі дарожнай міліцыі

26 сентября 2019

Дзясяткі тысяч парушэнняў з пачатку года выявілі супрацоўнікі ДАІ ў сферы пасажырскіх перавозак. Гаворка ідзе пра маршруткі, таксі і аўтобусы. Акрамя таго, па віне вадзіцеляў маршрутнага транспарту адбылося чатыры ДТЗ, у якіх чатыры чалавекі загінулі і сем атрымалі траўмы. Самыя частыя парушэнні - гэта невыкананне хуткаснага рэжыму, правіл разметкі, а таксама ігнараванне знакаў. 
У сувязі з гэтым у Дзяржаўтаінспекцыі ініцыявалі прафілактычную акцыю, падчас якой рэйсавы транспарт будзе на асаблівым кантролі дарожнай міліцыі. 

Расказвае Аляксандр Камовіч.
 Паводле звестак ДАІ, з пачатку года зафіксаваныя больш за 9 000 парушэнняў толькі з боку вадзіцеляў аўтобусаў. Згодна са словамі інспектараў, гэта гаворыць пра нізкую дысцыпліну ў сферы перавозак. А з улікам таго, што ад шафёраў залежыць бяспека пасажыраў, у ДАІ і праводзяць прафілактычную акцыю.
Сем дзён татальнага кантролю. Гучыць жорстка, але на коне дарожная бяспека. Аб'екты маніторынгу - перадрэйсавы кантроль вадзіцеляў, тэхнічны стан транспарту перад выездам на лінію. Што датычыцца горада, тут ДАІ праверыць дакументы, наяўнасць ТА і страхоўкі. Чаму такая ўвага? За восем месяцаў па віне вадзіцеляў маршрутных транспартных сродкаў адбылося чатыры ДТЗ, у якіх чатыры чалавекі загінулі і сямёра атрымалі траўмы.

Станіслаў Салавей, афіцыйны прадстаўнік УДАІ МУС Беларусі: "Асноўнымі парушэннямі з'яўляюцца: у населеным пункце гэта невыкананне патрабаванняў разметкі, невыкананне патрабаванняў дарожных знакаў. Часам вадзіцелі маршрутных ТС, скажам так, паводзяць сябе досыць агрэсіўна і спрабуюць нагнаць час, дзесьці ствараючы нават аварыйныя сітуацыі для іншых удзельнікаў дарожнага руху. Што да загарадных трас, перамяшчэння па іх, то гэта парушэнне хуткасных рэжымаў. Некаторыя перавозчыкі спяшаюцца, спрабуюць сэканоміць час і парушаюць ПДР".

Ідзе адкрытае і схаванае назіранне. У ДАІ адзначылі, што адказнасць за парушэнні ляжыць не толькі на вадзіцелях, але і на кіраўніках кампаній-перавозчыкаў. 

Зрэшты, не пакараць, а папярэдзіць і нагадаць вадзіцелям аб правілах перавозкі - гэта галоўная задача прафілактычнай акцыі. Дададзім, яна падоўжыцца да 2 кастрычніка.