Рэтрааўтамабілі папоўнілі калекцыю музея МУС Беларусі

2 марта 2015

Машыны, што ўвайшлі ў гісторыю. Шэсць ветэранаў мінулага стагоддзя, якія без стомы неслі сваю службу, сёння папоўнілі калекцыю музея МУС Беларусі. Часткай выставы сталі легендарная "Волга", кампактны "масквіч", а таксама "жыгулі", УАЗ і самы ўзроставы ўдзельнік - ГАЗ 67Б. 

Пра другое жыццё аўто, што сталі сімвалам цэлага пакалення, у сюжэце Таццяны Кашпур.

Калісьці легенды, гэтыя шэсць жалезных канёў захоўваюць шмат сакрэтаў пад сваімі капотамі. Працавікі без стомы неслі сваю службу, але пайшлі ва ўтыль, з'едзеныя ржой і часам. Умелыя рукі зноў удыхнулі ў іх жыццё, і зараз машыны з багатай гісторыяй занялі ганаровае месца экспанатаў музея МУС. Работу асабіста прымаў міністр Ігар Шуневіч.

Самы ўзроставы ўдзельнік выставы - ГАЗ 67Б з трохлітровым рухавіком і паўсотняй коней пад капотам. Аўтамабіль паступіў на ўзбраенне НКУС і МДБ СССР яшчэ ў 1944 годзе. А пасля вайны выкарыстоўваўся не толькі ў міліцыі і арміі, але і геолагаразведцы, лясной і сельскай гаспадарках.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Тэхніку было складана падрыхтаваць, мы імкнуліся захаваць аўтэнтычнасць. Тэхніка мае фактычна той камплект дэталяў, якія першапачаткова былі закладзеныя канструктарамі ў яе. Адзінае, мы салоны памянялі. Паставілі скуру новую. А так даставаць гэтыя рэчы было складана. Нам дапамаглі некалькі арганізацый, якія займаюцца аднаўленнем аўтамабіляў. Дзякуй ім за гэта вялікі".

Кампактны "Масквіч-401" служыў сілавікам некалькіх пасляваенных дзесяцігоддзяў. Першапачаткова ён быў поўным аналагам нямецкага трафейнага аўтамабіля "опель". Але праз гады не толькі здабыў сваю індывідуальнасць, але і стаў выпускацца нават у версіі кабрыялет. Або, як у тыя часы было прынята гаварыць, фаэтон. Каштаваў такі цуд тэхнікі 9 тысяч рублёў. Пачынаў працаваць на гэтым аўто ў складзе следча-аператыўнай групы і дзеючы міністр унутраных спраў.

Гэта не проста рэчы з гісторыяй. Арганізатарам было важна захаваць іх душу. А ў аўтамабіляў гэта матор. Таму ўсе экспанаты на хаду.

Больш за ўсё наведвальнікаў сабралі ля сябе старыя добрыя "жыгулі". У кожнага з гэтым аўто звязаныя самыя жывыя ў памяці ўспаміны. Выпушчаная чатырохмільённым патокам, машына сапраўды стала народнай.

Самымі ўстойлівымі да выпрабавання часам экспанатамі аказаліся дзве мадэлі Ульянаўскага завода: УАЗ-452 і 495 Б. Яны дагэтуль стаяць на службе міліцэйскага ведамства.

Аўтамабілі не толькі стануць часткай экспазіцыі музея, але і набудуць другое жыццё на колах. Плануецца, што тэхніка будзе ўдзельнічаць у парадах і ўрачыстых мерапрыемствах. Рэстаўратары абяцаюць, што машыны праслужаць яшчэ шмат гадоў.