Касцёл, цырк і нават бальніца на колах. Рэтра-веласіпеды прадстаўнікоў розных прафесій выставяць у Мінску. У Нацыянальным гістарычным музеі рыхтуецца да прэзентацыі калекцыя веласіпедаў Італіі, Англіі і Аўстрыі. Літаральна яшчэ 100 гадоў назад яны дапамагалі рамеснікам не толькі перасоўвацца, але і рабіць свае паслугі мабільнымі і даступнымі.
Чаму ў веласіпеда камінара, напрыклад, два сядзенні, ведае Іна Пілевіч. На рулі - венікі, шчоткі і яршы, а на раме - дзіцячае сядзенне... для напарніка. Веласіпед камінара мінулага стагоддзя быў абавязкова абсталяваны дадатковым месцам. Чысціць трубы і коміны майстру дапамагаў хлопчык ад 8 да 10 гадоў субтыльнага целаскладу.
Не сродак перамяшчэння, а самы сапраўдны вытворчы цэх. Для рамеснікаў 19-20 стагоддзяў веласіпед служыў рабочым інструментам. Так да жалезнага каня мясніка прыпаяная мясарубка, краўца - швейная машынка, у пажарнага, нібыта трэцяе кола, скручаны шланг. Словам, кожны вынаходзіў веласіпед як мог. Дарэчы, практычна ў кожнага веласіпеда ёсць мацаванне для парасона. У надзеі зарабіць, майстры месяцамі калясілі па краіне, начавалі, дзе прыйдзецца, нават на вуліцы.
Калекцыю веласіпедаў сабраў пекар. Італьянец Маўрыцыа Урбінаці на працягу 40 гадоў адшуквае па свеце двухколавых кармільшчыкаў. Ужо заўтра ён прыбудзе ў Нацыянальны гістарычны музей, каб асабіста раскласці прыстасаванні кожнага рамесніка мінулага.
А вось гэта - адзін з самых папулярных веласіпедаў у Італіі - прадаўца смажаных каштанаў. Выязджаў ён на вуліцу ў сярэдзіне восені - у сезон ураджаю. І служыў не толькі для перавозкі, але і смажання пладоў. Тут абсталяваная спецыяльная пліта з патэльняй. Каб пакупнік атрымліваў духмяны пачастунак гарачым.
У калекцыі толькі аўтэнтычныя двухколавыя. Вырабленыя ў Італіі, Аўстрыі і Англіі. Нягледзячы на тое, што самаму маладому ўжо за 60, ні да аднаго з экспанатаў не датыкалася рука рэстаўратара. Да прыбыцця ў Мінск рэтра-веласіпеды ацанілі госці прэстыжнай выставы Eхро ў Мілане.













