"Рэтра-Мінск 2019" 12-ы раз прымае аўтааматараў

18 мая 2019

Ад двухколавага сучаснага свята да фестывалю рэтрамашын 20-га стагоддзя. Сёння Мінск 12-ы раз стаў і пляцоўкай для міжнароднага з'езду аматараў аўтакласікі "Рэтра-Мінск 2019". Выстава сабрала ўладальнікаў рарытэтных аўто з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі і, вядома, Беларусі. Кожны экіпаж унікальны, а знешні стан аўталегенд не адрозніць ад новага. Усяго больш як 130 машын. "Кадылакі", "форды", "шэўрале" і рэдкія "чайкі". Самаму старэйшаму экспанату больш як 100 гадоў, і ён дагэтуль на хаду. Як гэта - кіраваць гісторыяй - ведае Мікіта Дзяменцьеў.

Пад гукі ваеннага аркестра сустракаюць доўгую калону рэтрамашын. Такое ганаровае стаўленне гэтыя аўтастрыя сапраўды заслужылі. Начышчаныя да бляску храмаваныя дэталі, вінтажны салон і здзіўленыя погляды прахожых - нязменныя атрыбуты машын з мінулага стагоддзя. 

Вось так гучыць "Шэўрале-Імпала". 50-гадовы рухавік усё гэтак жа бадзёры і прывёз Мікалая з сям'ёй з Масквы. Ён ужо другі раз валодае гэтым аўто. Пасля продажу, гаворыць, што 10 гадоў не мог спакойна спаць. 

З вялікім размахам фестываль праходзіць ужо 12-ы раз. Традыцыйна на стаянцы з'яўляюцца эксклюзіўныя аўто. Сёлета гэта "Пэкард 640" 1929 года выпуску, які прэтэндуе на званне самага прыгожага і рэдкага аўтамабіля ў нашай краіне. 

Па аўтапарку ўдзельнікаў "Рэтра-Мінск" можна ў літаральным сэнсе вывучаць гісторыю сусветнага аўтапрама. Тут і савецкая класіка, і амерыканскія маслкары. Куды не зірні - паўсюль аўтамабілі з прыстаўкай "легенда". У захапленні ад такога багацця не толькі аўтааматары, але і маленькія пасажыры. 

Быць гатовым да такога маштабнага з'езду аўтакласікі ўдаецца далёка не кожнаму. Паводле слоў арганізатараў, не ўсе ахвочыя трапляюць у спісы ўдзельнікаў. Беларускі фестываль "Рэтра-Мінск" уваходзіць у тройку самых відовішчных і масавых на тэрыторыі постсавецкай прасторы.

І пакуль удзельнікі і гледачы цяперашняга рэтрапарада абмяркоўваюць высокі ўзровень фестывалю і не стамляюцца дзяліцца фота і відэа з сябрамі ў сацыяльных сетках і месенджарах, арганізатары ўжо абдумваюць чарговы аўтаэксклюзіў наступнага года.