Самыя грацыёзныя і статныя. Кубак сталіцы і Кубак Беларусі па спартыўных бальных танцах аб'яднаў лепшых танцораў з усёй Беларусі, яны выйшлі на паркет у "Мінск-Арэне". За прызавыя месцы ўдзельнікі спаборнічалі ў чатырох катэгорыях - дзеці, юніёры, моладзь і дарослыя. Ацэньвала спартсменаў міжнароднае журы. За кубкі змагаліся больш за тысячу прафесійных танцораў.
Арцём Сокал і Паліна Кірэева, удзельнікі турніру, прызёры і чэмпіёны Беларусі па спартыўных бальных танцах: "Лаціна складаецца з пяці танцаў. Гэта чача, самба, румба. Мы будзем выконваць усе пяць танцаў. На гэты момант на конкурсе хочацца паказаць свой лепшы танец і лепшы вынік. Мы танцавалі на чэмпіянаце свету ў 2014 годзе. І гэта быў вельмі запамінальны турнір".
Аляксандр Казыра, старшыня Беларускага рэспубліканскага танцавальнага саюза: "Мы гэтымі спаборніцтвамі закрываем год і імкнуліся на працягу года падтрымліваць матывацыю ў сваіх спартсменаў, для таго, каб яны трэніраваліся і паказвалі добры вынік. Узровень нашых танцораў расце пастаянна, і мы будзем рыхтавацца да вялікіх міжнародных спаборніцтваў, якія, спадзяёмся, у наступным годзе ўсё-такі адбудуцца".
Традыцыйна ацэньваецца не толькі харэаграфічнае майстэрства, але і мова эмоцый, уменне паказаць сябе з дапамогай танца. Вобразу спартсменаў таксама надаецца шмат увагі. Яркія сукенкі, аздобленыя стразамі і пер'ем, арыгінальныя прычоскі, вытанчаныя туфлі на абцасах - усё гэта абавязковыя атрыбуты спартыўных бальных танцаў.
Арцём Казыра, галоўны суддзя Кубка сталіцы і Кубка Беларусі па спартыўных бальных танцах: "Галоўны крытэрый - гэта асноўны рытм. Суддзі глядзяць, ці трапляе пара ў музыку. Далей лініі - лініі корпуса і лініі рук. Потым ідзе музыкальнасць - гэта тое, як пара можа інтэрпрэтаваць сваю музыку, суддзі сочаць за тым, як пара яе ўспрымае і можа перадаць сваім танцам. Чацвёрты крытэрый - гэта рухі. Пяты - гэта тэхніка выканання. Без яе немагчымыя ўсе астатнія крытэрыі. І шостае - гэта тое, наколькі пара можа арыентавацца на пляцоўцы і не сутыкацца з іншымі парамі".













